Друк
01.09.2017 Грамадства
У Мінску адкрылі пяць новых беларускамоўных класаў, а ў Магілёве будуць вучыць па-беларуску аднаго першакласніка
 
Яшчэ зімой адміністрацыя Фрунзенскага раёна Мінска гучна абвясціла пра намер адкрыць першыя класы з беларускай мовай навучання ў сямі рускамоўных школах. Чакалі сёлета бацькоў першакласнікаў, ахвотных вучыць дзяцей па-беларуску, і ў школах Маскоўскага, Партызанскага, Кастрычніцкага і Заводскага раёнаў. Набіралі беларускамоўныя першыя класы ў Брэсце, Гомелі, Магілёве.
 
За некалькі дзён да пачатку новага навучальнага года мы звярнуліся ва ўсе гэтыя школы і высветлілі, наколькі паспяхова прайшоў набор.
Мінск
 
Беларускамоўныя першыя класы паспяхова набралі ў школах:
 
№ 60 (вуліца Карла Лібкнехта, 82 — Маскоўскі раён)
 
№ 72 (вуліца Халмагорская, 59 — Партызанскі раён)
 
№ 56 (вуліца Каменнагорская, 70 — Фрунзенскі раён)
 
№ 128 (вуліца Альшэўскага, 59 — Фрунзенскі раён)
 
Пачатковая школа № 112 (вуліца Убарэвіча, 142 — Заводскі раён)
 
У гэтых пяці школах адкрылі па адным класе, у кожным — да 20 вучняў.
 
У школы №168 (Кастрычніцкі раён), №96 (Фрунзенскі раён), №151 (Фрунзенскі раён), №199 (Фрунзенскі раён) звярталіся бацькі, якія хацелі, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску, аднак на цэлы клас заяў не назбіралася, і яго не адкрылі.
 
Чырвоным сімвалам на мапе пазначаныя школы, дзе набралі першыя беларускамоўныя класы. Шэрым — дзе гэтага зрабіць не ўдалося.
Брэст
 
У гімназіі №3 (вуліца Пісьменніка Смірнова, 63) набралі два класы, у кожным з якіх пад 30 чалавек.
Гомель
 
У гімназіі № 36 імя Івана Мележа (вуліца Братоў Лізюковых, 16) таксама паспяхова набралі клас. Дарэчы, другі год запар.
Магілёў
 
У сярэдняй школе № 1 (вуліца Першамайская, 24) адкрылі клас для аднаго вучня.
 
У 34-й сярэдняй школе ахвотных зусім не было.
 
Варта адзначыць, што гаворка тут ідзе пра новыя класы. Нагадаем, што ў Мінску і Барысаве дзейнічае 7 беларускамоўных гімназій і школ, якія набіраюць усе класы па-беларуску.
 
Асобныя беларускамоўныя класы існавалі раней у Баранавічах, Гродне, Магілёве, Брэсце. Усюды яны былі створаныя з ініцыятывы бацькоў. Сёлета ўпершыню ініцыятыва сыходзіла ад уладаў.
 
Беларускамоўныя школы дагэтуль масава існуюць у мястэчках і вёсках.
 
https://nn.by/?c=ar&i=196718
 
© 2017 "Берасцейская вясна"