Друк
29.10.2017 Грамадства
У Брэсце прэзентавалі праект пра дакументальнае кіно Беларусі і Украіны
Кінаклуб "Новыя НезалежныЯ? Маладое кіно. Беларусь + Украіна" прайшоў у галерэі «Прастора КХ».
 
Праект «Новыя незалежныя? Маладое кіно. Беларусь + Украіна» – гэта прэзентацыя і абмеркаванне новага беларускага і ўкраінскага кіно, ігравога і дакументальнага, у фармаце кінаклуба Q&А. Мадэратарамі выступілі кінакрытык Антон Сідарэнка і сцэнарыстка Марта-Дарыя Клінава. Праграма з'яўляецца працягам кінафоруму пагранічнага кіно, які адбыўся гэтым летам у арт-вёсцы Каптаруны.
 
Гледачам паказалі 4 фільма: «Орша ... Мінск ... Орша» (Беларусь, 2016), «Сапрамат» (Беларусь, 2017), «Ленінапад» (Украіна, 2017) і «Щоденник» (Украіна, 2016).
 
Асаблівай увагай арганізатары адзначылі «Ленінапад» – іранічны дакументальны фільм аб развітанні з савецкай эпохай ва Украіне. Фільм паказвае росквіт і заняпад ідалаў, а таксама фантастычнае замагільнае жыццё зданяў гісторыі. Стужка натхнёная прынятымі Вярхоўнай Радай Украіны ў 2015 годзе законамі, якія асуджаюць савецкі таталітарны рэжым і забараняюць выкарыстанне камуністычнай сімволікі.
 
Фільм будзе паказаны ў Мінску на фестывалі «Лістапад», але Брэст стаў першым горадам у Беларусі, дзе ён быў прэзентаваны. Антон Сідарэнка адзначыў пацешны факт, што «Ленінапад» прадстаўлены напярэдадні Дня заснавання камсамола (29 кастрычніка). Таксама на сустрэчы быў прэзентаваны спецыяльны нумар альманаха pARTisan, прысвечаны польскай школе дакументальнага кіно, які пазней разыгралі сярод прысутных.
 
 
© 2018 "Берасцейская вясна"