Друк
03.11.2017 Грамадства
У цэнтры Берасця «абясшкодзілі» зялёнага чалавечка
Берасцейцы не адразу заўважылі зялёнага чалавечка на вуліцах свайго горада.
 
Постаць, падобную на Леанарда – з шэрагу Чарапашак-ніндзя, супрацоўнікі «Брэсцкай газеты» заўважылі а 08.20. Яна ляжала на клумбе недалёка ад помніка Афанасію Берасцейскаму. Побач - Свята-Сімяёнаўскі сабор, Следчы ізалятар №7, на супрацьлеглым баку - офісныя будынкі. Нягледзячы на тое, што скрыжаванне ажыўленае, здавалася, нікому да зялёнага чалавечка справы не было. Людзі праходзілі побач, толькі зрэдку спыняліся падлеткі, якія штурхалі фігуру. Праязджалі і аўто, у тым ліку міліцэйскія. Але прыбіраць яго ніхто не спяшаўся. Прайшло некалькі гадзін, а Леанарда ўсё гэтак жа ляжаў на клумбе.
 
Журналісты паспрабавалі высветліць, хто падкінуў Чарапашку і чаму яе не прыбіраюць. Дзяжурны ў Свята-Сімяёнаўскім саборы сказаў, што прадмет не бачыў і за гэтую тэрыторыю не адказвае. Дворнікаў, якія маглі б праліць святло на пытанне, побач не было.
 
Начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка аб прадмеце не ведаў і параіў звярнуцца ў міліцыю. Магчыма, фігура камусьці належыць або хтосьці выкінуў смецце, выказаў меркаванне ён.
 
Аб 11.14 карэспандэнтка набрала нумар 102 і патлумачыла сутнасць справы. На меркаванне, што ў прадмеце можа быць закладзеная выбухоўка і гэта акт тэрарызму, на тым канцы проваду адрэагавалі скептычна, але патруль міліцыі даслалі. Прыехалі аператыўна - аб 11.19.
 
Міліцыянт - кіроўца групы затрымання Уладзіслаў Фёдараў расказаў, што ў выпадку, калі знаходзіцца прадмет, падобны на бомбу, да прыкладу, з яго тырчаць драты, міліцыя ачапляе мясцовасць на 100 метраў і чакае сапёрную групу. З ягоных слоў, выпадкі, калі пільныя грамадзяне выклікаюць міліцыю, выявіўшы падазроны прадмет, бываюць. Часам за дзень не тэлефануе ніхто, а часам з нагоды прадметаў звяртаюцца 2-3 разы на дзень.
 
Блізу 11.30 тэрыторыю ачапілі: чырвона-белая стужка перагарадзіла вуліцу Савецкіх Памежнікаў. Мінакоў міліцыянты прасілі праходзіць іншым шляхам. Да скрыжавання Машэрава і Савецкіх Памежнікаў пачалі з'язджацца машыны МНС, ДАІ, РАУС, меддапамогі, прыехала сапёрна-піратэхнічная служба ўнутраных войскаў.
 
І тут з'явіліся дворнікі. Жанчына, якая прадставілася Верай, сказала, што фігура ляжала на вуліцы з учорашняга дня. Увечары яна знайшла яе ў кустах каля сабора, а раніцай паклала побач з кветнікам, каб смеццеўборачная машыны забрала пудзіла. Блізу 12 гадзін дворнік запакавала яго ў чорны пакет, машыны міліцыі пачалі раз'язджацца.
 
Як зялёны чалавечак з'явіўся на гарадской вуліцы? Магчыма, адказ на гэтае пытанне ведалі супрацоўнікі, якія знаходзіцца паблізу офіса. Пакуль міліцыянты спрабавалі высветліць, ці не ўяўляе пудзіла небяспекі, маладзёны палілі на ганку. Яны ананімна распавялі карэспандэнту, што іх сябры адзначалі Дзень усіх Святых як раз ва ўборах Чарапашак-ніндзя. Магчыма, пасля свята адзін з убораў апынуўся на вуліцы. Чаму яго не выкінулі ў смецце, гісторыя замоўчвае.
 
https://charter97.org/be/news/2017/11/3/268061/
 
© 2017 "Берасцейская вясна"