Друк
23.11.2017 Грамадства
“З сямейнага архіва”:
 
у Брэсце адчынілася выстава фотаздымкаў міжваеннага перыяду.
 
Адкрыццё выставы сямейных фатаграфій і дакументаў міжваеннага перыяду адбылася 22 лістапада. Выстава, якая праходзіць у Музеі выратаваных каштоўнасцяў, распавядае пра тое, як выглядала будзённае жыццё нашых продкаў.
 
Мэта выставы – адраджэнне матэрыялаў, схаваных у праславутых сямейных шуфлядках, на якія рэдка звяртаюць увагу самі дамачадцы, недаацэньваючы іх гістарычную значнасць. На працягу паўгода людзі, якія жадалі прыняць удзел у выставе, дасылалі арганізатарам матэрыялы са сваіх хатніх архіваў.
 
Геаграфія ўдзельнікаў выставы шырокая - свае сямейныя альбомы адкрылі жыхары Аўстраліі, Беларусі, Ізраіля, Польшчы, ЗША. У экспазіцыю выстаўкі ўвайшло больш за 70 павялічаных копій фатаграфій і дакументаў, якія адлюстроўваюць жыццё жыхароў Брэста і былога Палескага ваяводства (тэрыторыя сучаснай Брэсцкай вобласці).
 
Сярод прадстаўленых матэрыялаў можна ўбачыць пасведчанне дэпутата Брэсцкага Магістрата Матэса Заблуды, вулічныя фатаграфіі Брэста, Баранавіч і Пінска, здымкі вайскоўцаў і школьнікаў, жыхароў Палескіх вёсак...
 
Па словах арганізатараў, фатаграфіі, альбомы, сямейныя архівы часцяком з'яўляюцца адзінай крыніцай веды аб папярэдніх пакаленнях. Дзякуючы ім у нас ёсць шанец увайсці ў кантакт з сапраўдным жыццём нашых продкаў. Калісьці стварэнне сямейных архіваў і летапісаў было не проста традыцыяй, а абавязкам сучаснікаў. Выстава "З сямейнага архіва” з'яўляецца спробай ажывіць гістарычную памяць, вярнуць яе часцінку сучаснаму пакаленню.
 
Выстава будзе працаваць да 17 снежня.
 
 
© 2018 "Берасцейская вясна"