Друк
04.12.2017 Грамадства
Кшыштаф Захаржэўскі: Любы жыхар гораду мне можа напісаць у messenger
 
У Брэсце адбылася сустрэча з дзейным бургамістрам Злоценца (Польшча).
 
Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” і грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” арганізавалі сустрэчу з дзейным бургамістрам Злоценца (Польшча) Кшыштафам Захаржэўскім. Яна адбылася 2 снежня ў Брэсце і была прысвечаная эфектыўнаму мясцоваму самакіраванню.
 
Кшыштаф Захаржэўскі, на думку польскіх СМІ, — адзін з самых сучасных бургамістраў Польшчы. Ён лічыць, што найбольш выгадныя інвестыцыі — гэта ўкладанне ў чалавечы капітал, а асноўныя прынцыпы працы мясцовай улады — адкрытасць, даступнасць, крэатыўнасць, удзел.
 
Асноўныя вытрымкі з яго выступу:
 
Пра сваю пасаду
 
У мяне зараз першы тэрмін па пасадзе бургамістра. На мой погляд, зараз праходзяць працэсы, падчас якіх з кіруючых пасадаў сыходзяць старыя людзі і на іх месца з прыходзяць маладыя з новымі ідэямі і мэтамі. Як бы не гучала банальна, але я прыйшоў, каб зрабіць нешта лепей. у мяне няма асабістых інтарэсаў: няма бізнесу, а кар’ера для мяне не вельмі істотна.
 
Пра празрыстаць бюджэту
 
Мы перыядычна выпускаем буклет, у якім дакладна публікуем з чаго складаецца бюджэт: на што і ў якім памеры ён быў выдаткаваны. Гэта вельмі істотна, бо мы інфармуем жыхароў і даем ім мажлівасць кантраляваць выдаткі бюджэту, прымаць рашэнні, як ён будзе рэалізаваны. Кожная сям’я гораду разам з квітанцыяй аб аплаце атрымлівае такі буклет на пачатку году.
 
Пра камунікацыю з жыхарамі гораду
 
У інтэрнеце ў нас ёсць старонка, праз якую можна задаваць мне пытанні і агучваць прапановы. Але ледзь не ўсе жыхары гораду ведаюць, што ў мяне ёсць messenger ад Фэйсбука, таму большасць абірае менавіта такі сродак камунікацыі – так атрымліваецца і зручней, і хутчэй. Любы жыхар гораду мне можа напісаць у messenger. Таксама я арганізую так званыя “Прабежкі з бургамістрам”: два разы на тыдзень я бегаю на стадыёне ў пэўныя дні і гадзіны. Любы жыхар гораду можа там паразмаўляць са мной асабіста ў нефармальнай абстаноўцы.
 
Пра “грамадскі бюджэт”
 
Калі людзі чагосьці вельмі хочуць, то “грамадскі бюджэт” – найлепшы сродак для рэалізацыі гэтага. Праходзіць конкурс праектаў: самі жыхары прапануюць ідэі, пішуць праекты, пазней самі і галасуюць за іх. Пераможца конкурса праекту рэалізуецца за сродкі з бюджэта.
 
Пра крэатыўнасць
 
У нас ёсць наступная праблема: праз увесь горад праходзіць хуткасная магістраль – вельмі небяспечная для жыхароў. У нас няма сродкаў у бюджэце, каб зрабіць адпаведную інфраструктуру: усталяваць светлафоры, дадатковыя пераходы і знакі, “ляжачыя паліцэйскія”. У спісе на дарожнае фінансаванне горад быў 370-м месцы… І што мы зрабілі? Пачалі ладзіць акцыі пратэсту разам з жыхарамі гораду, каб прыцягнуць увагу СМІ да праблемы! Паволі-паволі, але нешта пачынае будавацца – праблема вырашаецца…
 
Злоценец – горад у Польшчы, які ўваходзіць у Заходне-Паморскае ваяводства, Драўскі павет. Мае статус гарадской-сельскай гміны. Займае плошчу 32,28 км² з насельніцтвам у памеры каля 15 тысяч.
 
 
© 2017 "Берасцейская вясна"