Друк
07.12.2017 Грамадства
“Беражыце сябе і сваіх блізкіх!” -
 
Піша на сваёй старонцы ў фэйсбук грамадзкі актывіст Віталь Каратыш, які працуе ў SOS-Дзіцячай вёсцы ў Бараўлянах
 
(https://www.facebook.com ):
“На днях тэлефанавала бабуля і запытвала як да нас даехаць. Нешта неразборліва казала пра елку, просьбу сваёй дачкі ды Новы год. Я патлумачыў дзе знаходзіцца SOS-Дзіцячая вёска і падзякаваў за жаданне дапамагчы дзецям. Да нас часта тэлефануюць з рознымі пытаннямі, часам і вельмі дзіўныя людзі.
 
А ўчора да нас завітала тая самая бабуля. Яна заблукала і спачатку патрапіла ў Дзіцячы анкалагічны цэнтр, а адтуль яе скіравалі да нас.
 
Ветлівая, інтэлігентная, яна ледзь несла каробку з елкай і стары чамадан. І тады я пачуў гісторыю гэтай елкі.
 
У бабулі была дачка, якая лячылася ад анкалагічнага захворвання. Пасля аперацыі цягам 5 гадоў у яе была рэмісія. На гэты Новы Год жанчына замовіла новую штучную елку, планавала адзначыць свята з сям’ёй. Але бяда напаткала нечакана. Хвароба вярнулася і вельмі хутка забрала яе:
 
Перад смерцю жанчына вельмі прасіла сваю маці елку нікому не аддаваць, а завесці ў SOS-Дзіцячую вёску ў Бараўлянах. Вось так бабуля выканала апошнюю просьбу сваёй дачкі...
 
У чамадане былі старыя (яшчэ савецкія) ўпрыгожванні, кожная шкляная цацка загорнута ў сурвэтку.
 
Мы крыху пасядзелі яшчэ, паразмаўлялі пра жыццё...
 
Адзінае, чым мы змаглі дапамагчы - завезлі бабулю дадому.
Беражыце сябе і сваіх блізкіх!
 
Шчасця, здароўя і дабра!”
 
 
 
 
© 2018 "Берасцейская вясна"