Друк
02.04.2018 Грамадства
Скарга на бяздзейнасць адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста не задаволена
 
2 красавіка калегія Брэсцкага абласнога суда па грамадзянскім справам у складзе судзей Каляды, Ілюшынай і Панасюк разгледзела скаргу актывіста “Руху За Свабоду” Дзяніса Турчаняка на бяздзейнасць адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста.
 
Дзяніс Турчаняк лічыць, што ягонае права на атрыманне інфармацыі падчас выбараў у мясцовыя саветы, калі ён быў кандыдатам, было парушана. Ён запрасіў у адміністрацыі інфармацыю адносна колькасці выбаршчыкаў па ягонай выбарчай акрузе, але адміністрацыя адказала не па сутнасці і не прадаставіла яму магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі па вызначэнні колькасці выбараў.
 
Іншыя скаргі таксама засталіся без задавальнення. Суд Маскоўскага раёна г. Брэста сваім вызначэннем адмовіўся разглядаць скаргу, маўляў рэгулюецца выбарчым кодэксам
 
Гэта не правільна, кажа Турчаняк: ”Я абскарджваў непрадастаўленне інфармацыі адміністрацыяй, а яны мне “пра Фаму”, пра не азнаямленне са спісамі выбаршчыкаў. Яны парушылі артыкул 65 Канстытуцыі, 13 Выбарчага Кодэкса …
 
Я лічу, што адмова суда разглядаць маю скаргу судом першай інстанцыі парушае маё канстытуцыйнае права на непрадузяты, справядлівы суд. Бяздзеянне адміністрацыі я абскардзіў у суд, суд адмовіў. Я не магу пагадзіцца, што я павінен звяртацца ў выбарчую камісію. Мяне пазбаўляюць права звярнуцца ў суд.
 
Прашу суд выправіць недарэчнасці і адмяніць вызначэнне суда Маскоўскага раёна г. Брэста і адправіць справу на новы разгляд у суд першай інстанцыі”.
 
Пасля перапынку калегія агучыла вызначэнне:
 
“Вызначэнне суда Маскоўскага раёна г. Брэста пакінуць без зменаў, а скаргу без задавальнення”
 
Па заканчэнні працэса Дзяніс Турчаняк патлумачыў: “Падчас выбараў я выявіў, што колькасць выбаршчыкаў па выбарчых акругах заніжана, толькі па маёй больш за тысячу не хапае, а акруг у горадзе 40. Хацелась бы, каб выбаршчыкі ведалі, як і чаму адбываюцца маніпуляцыі са спісамі выбаршчыкамі. Бо наперадзе выбары Прэзідэнта, а там парог яўкі складае 50% выбаршчыкаў, каб выбары адбыліся.
 
Я давяду гэтую справу да Камітэта па правах чалавека”, - завершыў экс-кандыдат.
 
 
© 2018 "Берасцейская вясна"