Друк
13.04.2018 Грамадства
Берасцейскі абласны суд апраўдаў незалежнага журналіста
 
12 красавіка суддзя Руслана Сянько адмяніла рашэнне суда Маскоўскага раёна Берасця, які 3 сакавіка прызнаў Алеся Ляўчука вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КоАП) і аштрафаваў яго на 25 базавых велічынь (612.5 рублёў).
 
У пачатку студзеня гэтага года журналіст зняў матэрыял, у якім распавёў аб карупцыйнай схеме берасцейскіх чыноўнікаў: адну з вуліц у горадзе (вул. Шаўчэнкі) адрамантавалі напалову, а ў справаздачы напісалі, што рамонт быў праведзены цалкам. Матэрыял выйшаў на тэлеканале „Белсат”.
 
Супрацоўнік Маскоўскага РАУС Раман Трафімук уручыў Леўчуку позву ў міліцыю прама ў супермаркеце, а ўжо на наступны дзень, 27 лютага, на журналіста быў складзены пратакол. Трафімук паведаміў Леўчуку, што суд адбудзецца 2 сакавіка, і журналіст распісаўся ў тым, што інфармаваны пра гэта. Аднак 2 сакавіка суд не адбыўся без тлумачэння прычын.
 
3 сакавіка ў 9.46 Ляўчук атрымаў на свой тэлефон паведамленне пра тое, што суд адбудзецца праз 14 хвілін. Трапіць на працэс журналіст фізічна не паспяваў. У выніку суддзя Маскоўскага раёна Берасця Раман Карабан пры адсутнасці сведкаў і самога абвінавачанага асудзіў яго і прыгаварыў да штрафу ў 25 базавых велічынь.
 
Праз тыдзень Ляўчук даведаўся, што яго судзілі па падробленым пратаколе: Трафімук дапусціў у пратаколе памылкі і склаў на журналіста новы, без яго ўдзелу — гэта значыць, фактычна падрабіў дакумент.
 
„Гэта і стала асновай маёй абароны ў абласным судзе, — заявіў Ляўчук БелаПАН. — Мы з адвакатам не аспрэчвалі нейкія палажэнні артыкула 22.9 КоАП, а зыходзілі з таго, што правасуддзе не можа ажыццяўляцца на падставе падробленага дакумента. І гэтыя довады былі пачутыя суддзёй Русланай Сянько”.
 
„Безумоўна, я здзіўлены падобным рашэннем, звычайна ў беларускіх судах не хочуць чуць ніякіх довадаў”, — дадаў ён.
 
Цяпер Алесь Ляўчук мае намер дамагацца пакарання ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Ён ужо накіраваў скаргу на дзеянні Трафімука ў РАУС Маскоўскага раёна Берасця.
 
https://www.racyja.com/hramadstva/berastsejski-ablasny-sud-apraudau-nez/
 
© 2018 "Берасцейская вясна"