Друк
07.05.2018 Грамадства
Экскурсія “Кобрынь. Верасень 1939-га”
 
У Кобрыні прайшла цікавая, жывая і пазнавальная экскурсія “Кобрынь. Верасень 1939-га”. Правёў яе кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў у мундзіры падпарутчыка 83-га пяхотнага палка Войска Польскага.
 
Арганізаваў экскурсію для вучняў старэйшых класаў сярэдняй школы №7 грамадскі актывіст Аляксандр Мех.
 
Тэма экскурсіі тычылася пачатку Другой сусветнай вайны і абароны Кобрыні ад нацыстаў сіламі Войска Польскага. Экскурсія прайшла на Польскіх вайсковых могілках, размешчаных недалёка ад касцёла. Ігар Мельнікаў упэўнены, што экскурсія з артэфактамі, здымкамі з элементамі пастаноўкі дасць свой плён:
 
– Яны гэтыя факты, пра якія даведаліся ад мяне і спадара Меха, будуць расказваць ужо сваім сябрам, сваім знаёмым. І такая форма – гэта не нудная лекцыя, на якой яны пасядзелі і паслухалі нешта і пайшлі як мага хутчэй.
 
Экскурсія сапраўды вельмі спадабалася вучням і самім настаўнікам, кажа настаўніца гісторыі Ірына Гардзеевіч:
 
– Канешне, экскурсія вельмі спадабалася. Гэта ж жывы кантакт, такое запомніцца моладзі. Многае нават для сябе ўзяла, пачула.
 
Працягнулася экскурсія на старадаўніх могілках, дзе пахаваны вядомыя гістарычныя асобы. Паводле Аляксандра Меха, вельмі запамінальна і карысна, калі да гісторыі можна дакрануцца рукамі.
 
https://www.racyja.com/hramadstva/ekskursiya-kobryn-verasen-1939-ga/
 
© 2018 "Берасцейская вясна"