Друк
21.05.2018 Грамадства
Я абскарджваю бяздзеянне ўладаў
 
21 траўня судовая калегія Брэсцкага абласнога суда па грамадзянскіх справах у складзе суддзяў Хацько, Каляды і Усцімчук разгледзела прыватную скаргў Дзяніса Турчаняка на непрадастаўленне інфармацыі, неабходнай для правядзення выбарчай кампаніі.
 
Нагадаем, падчас выбараў у мясцовыя саветы, у той час кандыдат у дэпутаты, Дзяніс Турчаняк звярнуўся ў Брэсцкі гарвыканкам па інфармацыю між іншым аб колькасці грамадзян зарэгістраваных у ягонай выбарчай акрузе і якім чынам вызначалась колькасць выбаршчыкаў. Гэтай інфармацыі ён не атрымаў.
 
Таму звярнуўся па справядлівасць у суд Ленінскага раёна г.Брэста. 18 красавіка суд сваім вызнгачэннем адмовіў Дзянісу Турчаняку ў сувязі з непадведамственнасцю, маўляў, павінна разглядаецца адпаведна выбарчага заканадаўства.
 
Турчаняк лічыць што суд першай інстанцыі неправільна патрактаваў закон:
 
“Я звяртаўся не ў камісію, а ў выканкам. Вызначэнне беспадстаўна, бо я звяртаўся ў выканкам па інфармацыю, адпаведна закона аб зваротах грамадзян. Бо інфармацыю акруговай камісіі, што ў акрузе 5616 выбаршчыкаў, удакладніць немагчыма. Сведчанні аб колькасці зарэгістраваных грамадзян не звязана з выбарамі і з'яўляюцца адкрытымі дадзенымі. Як можна казаць аб адкрытасці і галоснасці выбараў?!!”
 
– казаў у судзе экс-кандыдат Турчаняк:
 
“Я абскарджваю бяздзеянне ўладаў, ў якіх я прасіў даць мне інфармацыю аб колькасці грамадзян у дамах у маёй выбарчай акрузе. Суд безпадстаўна пазбавіў мяне права на судовае разбіральніцтва.
 
Прашу вызначэнне суда Ленінскага раёна г. Брэста ад 18 красавіка адмяніць, а справу скіраваць на новы разгляд…”
 
Пасля непрацяглага перапынку судовая калегія Брэсцкага абласнога суда па грамадзянскіх справах агучыла сваё вызначэнне:
 
“Пакінуць вызначэнне суда Ленінскага раёна г. Брэста ад 18 красавіка бяз зменаў, а скаргу без задавальнення…”
 
 
© 2018 "Берасцейская вясна"