Друк
24.05.2018 Грамадства
Неабгрунтаванае прымяненне сілы «Арламі» Маларыцкага РАУС
 
12 красавіка 2018 года у інтэрнаце дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці г. Маларыты адбылося надзвычайнае здарэнне. Хоць назваць яго надзвычайным хутчэй за ўсё нельга – выпадкі неабгрунтаванага прымянення сілы супрацоўнікамі сілавых структур сталі штодзённасцю і практычна не абураюць абывацеляў.
 
У вышэй згаданым інтэрнаце маецца адмысловы пакой на дзверы якога вісіць таблічка “Інспекцыя па справах непаўналетніх”. Там працуе супрацоўніца Маларыцкага РАУС Марына Півавар. Менавіта яна закруціла гэтую гісторыю, а астатнія міліцыянты, следчыя, пракуроры спрабуюць яе звесці ў нуль.
 
Сяргей Бутровіч сядзеў у пакоі на ложку. Ўвайшла Марына Ўладзіміраўна Півавар. Сказала: “Чаму не ўстаем з ложка?” Сяргей запытаў: "Чаму я ўставаць павінен?” Яна адказала: “Увайшоў супрацоўнік міліцыі - павінны ўсё ўстаць. У цябе зрэнкі пашыраныя. Пайшлі да мяне ў кабінет”. С. Бутровіч папрасіў яе прадставіцца. Яна не прадставілася. Прыйшлі ў кабінет. “Я ўключыў аўдыёзапіс на тэлефоне, – расказваеСяргей. – Марына Ўладзіміраўна сказала, каб я аддаў ёй тэлефон. Я не аддаваў. Потым яна патэлефанавала свайму калегу ўчастковаму Аляксандру Аўдзеюку. Ён прыехаў і адразу пачаў хапацца за тэлефон. Я не аддаваў. Потым ён схапіў мяне і кінуў праз сцягно на падлогу. Прыціснуў каленам. Адну руку закруціў, апрануў кайданкі. Півавар выхапіла ў мяне тэлефон. Аўдзеюк другую руку закруціў. Узяў за кайданкі, падняў мяне над падлогай. Рукі былі за спіной. Потым перцоўкай ў вочы пшыкнуў”.
 
Аляксандр Аўдзеюк і Марына Півавар адвезлі Сяргея на медыцынскі агляд. Аналізы на алкаголь і наркотыкі – адмоўныя. Звярніце ўвагу на той факт, што Сяргей Бутровіч непаўналетні, яму 17 гадоў. Міліцыянты не паведамілі ні бацькам, ні педагогам, што павезлі Сяргея Бутровіча ў бальніцу. Пра тое, што Сяргей у кіпцюрах Маларыцкіх арлоў з РАУС, маці Сяргея, Кацярыне, паведамілі бацькі дзяцей, што жывуць з Сяргеем у інтэрнаце.
 
Кацярына Бутровіч, маці Сяргея
 
Калі бацькі запыталі ў Марыны Півавар, што здарылася, яна сказала: “Я не ведаю як я апынулася ў іх пакоі” Яна тлумачыла, што нехта-то там курыў, яна нейкую праверку вяла. Але гэта ўсё было без выхавацелькі.
 
Пасля бальніцы ўчастковы Аляксандр Аўдзеюк хацеў адвезці Сяргея Бутровича ў РАУС, але завуч Алена Талашка адвезла яго ў інтэрнат.
 
Алена Талашка і Сяргей Дебёло
 
Алена Талашка, завуч ліцэя: “Пытанняў да яго няма. Заняткаў ён не прапускае. Не быў заўважаны ва ўжыванні спіртных напояў. Ён не паліць. Сям'я вельмі станоўчая. Бацькі цікавяцца. Што тычыцца Аўдзеюка, то не магу пракаментаваць. У нас такое ўпершыню”.
 
Сяргей Дебёло, майстар па вучэбнай частцы: “Яго можна толькі са станоўчага боку ахарактарызаваць. Пропускаў няма. У спіртным не замешаны, у наркотыках не замешаны".
 
Супрцоўніца Маларытскага РАУС Марына Піваварь
 
Таццяна Асятрова, выхавацельніца ў інтэрнаце: “Выдатнае дзіця. Вяселы. Ва ўсіх мерапрыемствах ўдзельнічае. Не курыць, не п'е. А Аўдзеюк да нас наогул дачынення не мае. Мы самі былі ў шоку ад таго, што здарылася. Ні з таго, ні з гэтага Півавар прычапілася: “Дыхні. Зрэнкі мне твае не падабаюцца”.
 
Мы хацелі ўзяць каментар у міліцыянтаў. Аляксандр Аўдзеюк і Марына Півавар катэгарычна адмовіліся каментаваць сітуацыю. Начальнік Маларыцкага РАУС, Віталь Ганчарук, не прыняў нас, калі мы прыехалі да яго ў Маларыцкі РАУС і праз дзяжурнага перадаў, каб мы прыехалі ў прыёмны дзень. Мы не паехалі.
 
Участковы Маларытскага РАУС Аляксандр Аўдзеюк
 
Але Кацярына Бутрович распавяла як Віталь Ганчарук ёй у размове сказаў, што “гэта маленькая “помарочка” ў працы яго супрацоўнікаў”, і яшчэ ў ліку іншага галоўны міліцыянт Маларыты адзначыў, што ў крыві Сяргея выявілі спайс, а калі Кацярына адказала, што кроў Сяргей не здаваў Віталь Ганчарук сумеўся ....
 
Начальнік Маларытскага РАУС Віталь Ганчарук
 
Як выглядае сітуацыя на сённяшні дзень распавядае Уладзімір Бутрович, бацька Сяргея.
 
Ужо месяц прайшоў. З боку міліцыі прыйшла адпіска, што супрацоўнікі не вінаватыя, і Сяргей не вінаваты. З вобласці перасылаюць справу на раён, з раёна на вобласць і вось гэтая каніцель працягваецца на працягу месяца.
 
“Народны рэпарцёр” сочыць за падзеямі.
 
 
 
 
© 2018 "Берасцейская вясна"