Друк
24.05.2018 Грамадства
6 гадоў былому міліцыянту за гвалт над затрыманымі
 
24 мая 2018 г. суддзя суда Маскоўскага раёна Інна Клышпач абвясціла прысуд па нашумелай справе Сяргея Каляды і Аляксандра Зехова, якія 6 мая 2017 года былi жорстка збітыя ў пункце правапарадку «Усходні» былым супрацоўнікам Маскоўскага РАУС Алегам Самарчуком і «неўстаноўленымі асобамі».
 
У зале суда ўсім жадаючым не хапіла месца
 
Нагадаю, што ў А. Зехова быў струс мозгу, а С. Калядзе зламалі тры рэбры і руку, плюс мноства сінякоў ад удараў гумавай дубінкай.
 
Суд прызнаў Самарчука Алега Рыгоравіча вінаватым “у наўмысным здзяйсненні службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, а таксама дзяржаўным інтарэсам - перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам і прымяненнем спецыяльных сродкаў”, то бок у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 426 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.
 
Суд прызначыў Самарчуку Алегу Рыгоравічу пакаранне па частке 3 артыкула 426 КК РБ у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 6 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады, а таксама пасады ў органах і падраздзяленнях МУС Рэспублікі Беларусь, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў.
 
Алега Самарчука таксама пазбавілі спецыяльнага звання малодшага начальніцкага складу «старэйшы сяржант міліцыі».
 
Суд таксама забавязаў былога міліцыянта выплаціць пакрыццё шкоды пацярпелым - Сяргею Калядзе ў памеры 5000 рублёў, а Аляксандру Зехаву 3000, судовыя выдаткі і выдаткі на адваката.
 
Пасля суда людзі не спяшалісь разыходзіцца
 
Прысуд не ўступіў у законную сілу.
Паўлюк Кавалёў
 
© 2018 "Берасцейская вясна"