Друк
13.06.2018 Грамадства
4 гады ўзмоцненага рэжыму ўчастковаму-касталому
 
Пасля доўгага шасцімесячнага перапынку працягнуўся суд над Кобрынскім участковым Сяргеем Куляшовым. Яго судзяць за злачынства, прадугледжанае ч. 3 арт. 426 КК РБ.
 
Абвінавачаны Сяргей Куляшоў з начальнікам Кобрынскага РАУС Уладзімірам Сцепанюком
 
Увесну мінулага года ўчастковы зламаў нагу жыхару вёскі Бярозно, Кобрынскага р-на Анатолю Глыцюку. Сяргей Куляшоў спыніў падвыпілага мужчыну побач з яго домам, і загадаў прайсці ў міліцэйскі аўтамабіль. Анатоль адмовіўся. Участковы ўдарыў яго наском форменнага бота пад калена і зламаў дзве косткі.
 
Начальнік Кобрынскага РАУС палкоўнік міліцыі Уладзімір Сцепанюк
 
Суд пачаўся з палымянай прамовы начальніка Кобрынскага РАУС палкоўніка міліцыі Уладзіміра Сцепанюка, які паўгадзіны распавядаў які выдатны ягоны падначалены маёр Сяргей Куляшоў. Які ён выканаўчы, працавіты, самаадданы працэ міліцыянт, які думае толькі пра службу і бяспеку людзей.
 
Суддзя суда Кобрынскага раёну Петр Цімашэнка
 
Пра тое колькі шмат у яго узнагарод і заахвочванняў па службе. І, вядома ж пра тое, што не ўжыць фізічную сілу да Анатоля Глыцюку міліцыянт не мог. І, вядома ж, Куляшоў ня мог ударыць чалавека, які ў два разы яго старэшы. Анатоль, маўляў, проста няўдала ўпаў. А з-за таго, што ў яго слабыя косткі - узрост усёж такі! - здарыліся такія вось непрыемнасці.
 
Пацярпелы Анатоль Глыцюк
 
Пры гэтым кобрынскі палкоўнік усумніўся ў якасці дзяржаўнай судова-медыцынскай экспертызы, якая паказвала на тое, што такую траўму Глыцюк мог атрымаць толькі ў выпадку нанясення ўдару.
 
У зале былі поўна міліцыянтаў, як быццам яны прыйшлі на карпаратыў або на парад, і іх камандзір выступаў натхнёна. Скончыў ён тым што сказаў:
 
«Высокі суд, вы судзіце ня ўчастковага інспектара міліцыі, не супрацоўніка Кобрынскага РАУС. Вы судзіце ўсю сістэму органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Лічу, што Кулішоў не злачынца. Крымінальны закон ён не парушаў. Веру, што высокі суд здольны вынесці справядлівы прысуд».
 
Высокі суд так і зрабіў – участковы-касталом атрымаў 4 гады ўзмоцненага рэжыму.
 
Народны рэпарцёр,
Сяргей Пятрухін
 
 
© 2018 "Берасцейская вясна"