Друк
26.06.2018 Грамадства
«Галубіныя» пратэсты супраць будаўніцтва завода АКБ пад Брэстам працягваюцца, і мясцовая ўлада рэагуе на іх вельмі жвава, але не арыгінальна.
 
24 чэрвеня на плошчы Леніна тых, хто прыйшоў на кармленне галубоў чакала насычаная праграма - эклектычная выстава аўтамабіляў, з капотаў якіх тырчалі сцяжкі БРСМ, аніматары, якія запрашалі ўсіх у нечым паўдзельнічаць, паравозік ад парку Першага мая які весела вазіў дзяцей, ціхары з Ленінскага РАУС вадзіўшыя насамі ў чаканні дажджу і “аператыўнай” працы.
 
Пратэстоўцы вырашылі выразна сябе пазначыць і ня злівацца з наведвальнікамі аўтавыстаўкі, з аніматарамі, з дзецьмі на паравозіку, таксама і з ціхарамі Ленінскага РАУС, і перайшлі праз дарогу да помніка правадыру Сусветнай рэвалюцыі, і сталі пад яго рукой якая амаль 100 гадоў паказвае шлях да светлай будучыні ў якую трапілі толькі чынушы, і то ня усе. Толькі лепшыя, кшталту Ліса і Рагачука.
 
Пратэстуючых было каля 50 чалавек. Яны абмяркоўвалі будаўніцтва завода, паводзіны Аляксандра Рагачука на апошнім мерапрыемстве, зварот у пракуратуру абласнога камітэта па ахове навакольнага асяроддзя і збор подпісаў за адстаўку старшыняў брэсцкіх выканкамаў - Аляксандра Рагачука, Уладзіміра Сянчука і Анатоля Ліса. Як звычайна, каля 13. 00 людзі мірна разышліся.
 
Нагадаю, што людзі пачалі прыходзіць на галоўную плошчу горада з 25 лютага 2018 года і не прапускаюць з тых часоў ні аднага дня, у сэнсе нядзелі.
Сяргей Пятрухін,
“Народны Рэпарцёр”.
 
© 2018 "Берасцейская вясна"