Друк
17.07.2018 Грамадства
Баранавіцкія ўлады ня могуць знайсці месца для 10 маленькіх беларусікаў-першакласнікаў
 
Беларусаў-першакласнікаў хочуць загнаць на акраіну горада. Бацькі першакласнікаў склалі ліст да Міністра адукацыі РБ. У якім акрэслілі сітуацыю. А яна прыладна такая:
 
Кампанія па стварэнні першага беларускага класа пачалася яшчэ 16.05.2017 года з сустрэчы з загадчыкам Баранавіцкага аддзела адукацыі.
 
Пасля з уладами горада была дамоўленасць стварыць першы беларускі клас у наступным 2018-2019 навучальным годзе ў адной з цэнтральных гарадскіх навучальных устаноў (літаральна былі агучаны СШ№7 ці гімназія №4).
 
Але пасля кіраўнікі ўстановаў спасылаліся на адсутнасць памяшканняў у школах , што прыкладна было агучваннем адказу Баранавіцкага гарвыканкаму № 01-16/360л ад 26.06.2017г. за подпісам сп.Гарбуза А.А., дзе прапанаваліся школы № 3, 13 – усё, што не знаходзіцца ў цэнтры.
 
Перад гэтым група бацькоў з дзецьмі (5 сем’яў ) разам з агульнай пісьмовай заявай мелі размову з дырэктарам гімназі. Заявы ён прыняў, але не рэгістраваў, маўляў, зарана і замалая група.
 
27.04.2018г. бацькі запісаліся на прыём да старшыні Баранавіцкага гарвыканкама сп. Грамакоўскага Ю.А. Але раптам гарвыканкам прыняў рашэнне №1080 “О закрепленіі терріторій города за учрежденіямі образованія”, скасоўваўшы ранейшае.
 
12.06.2018г. усе бацькі асабіста з’явіліся з раніцы і ў першую гадзіну прыёма падалі заявы ў гімназію № 4 (дырэктар асабіста з кожным размаўляў). Трэба меркаваць, што дырэктар ад пачатку не збіраўся ствараць адзін з першых беларускіх класаў. Замест таго, каб прапанаваць іншым бацькам з чаргі выбар, ён спрабаваў выкарыстоўваць псіхалагічныя сродкі ўздзеяння і патрабаваў неабавязковыя на той момант дакументы. Прынамсі, некаторым дырэктар прапанаваў перапісаць заяву па-руску, каб яны ўжо дакладна патрапілі ў гімназію.
 
У выніку – 10 заяваў ад бацькоў. І гэта ўсё – жаданнямі бацькоў і намаганнямі грамадскасці.
У лісце да Міністра, бацькі робяць выснову – Беларускую адукацыю не пускаюць у цэнтр горада Баранавічы. Абсалютная некампетэнтнасць Баранавіцкага аддзела адукацыі, які зараз правальвае справу якаснага беларускага нацыянальнага выхавання.
 
Няўжо для 10 маленькіх беларусікаў, бацькі якіх адважыліся заявіць пра свой нацыянальны гонар і годнасць, у раённым цэнтры, зноў ня могуць знайсці месца?!!
 
У той момант, калі першыя асобы краіны выказваюцца ў падтрымку беларускай мовы, выхавання нацыі (каб не згубіць краіну!), прадстаўнікі адукацыі на мясцовым і абласным узроўні зусім не спрабуюць знайсці выйсце з вышейзгаданай сітуацыі, бо ні адной установы з беларускай мовай у горадзе Баранавічы няма
 
Хто павінен забяспечыць права дзяцей навучацца на дзяржаўнай мове як не прадстаўнікі выканаўчых органаў?! Калі не могуць забяспечыць, значыць КАНСТЫТУЦЫЙНЫЯ ПРАВЫ ПАРУШАЮЦЦА. Ці чыноўнікі–выканаўцы не ведаюць законаў сваёй краіны ці яны не здольныя іх выканаць?
 
Складваецца ўражанне свядомага знішчэння беларускамоўнай адукацыі, што з’яўляецца прыкметай этнацыду беларусаў, які, па меркаванні навукоўцаў, з’яўляецца адной з формаў генацыду, заснаванай на інфармацыйных тэхналогіях. Каб не давялося потым шукаць вінаватых…
 
Таццяна Малашчанка (яе дзіця таксама хоча навучацца на роднай мове) пракаментавала сітуацыю так: “Наш ліст – гэта спосаб прыцягнуць увагу міністэрства. Тое, што адбываецца – гэта ціск на людзей. Бо не ўсе маюць час і сілы разбірацца і змагацца. Цікава тое, што нейкае мясцоае рашэнне (“О закрепленіі терріторій города за учрежденіямі образованія”) становіцца больш важэйшым за Канстытуцыю!”
 
 
© 2018 "Берасцейская вясна"