Друк
25.07.2018 Грамадства
Відэафакт: У Берасці людзі заступіліся за мужчыну, якога затрымлівалі міліцыянты
Інцыдэнт адбыўся на аўтавакзале.
 
23 ліпеня на аўтавакзале ў Берасці патруль міліцыі затрымаў нецвярозага мужчыну і работніцу аўтавакзала, якая спрабавала абараніць незнаёмца. Відэа інцыдэнту трапіла ў сеціва, піша tut.by.
 
Увечары 23 ліпеня нецвярозы мужчына сядзеў на лавачцы перона берасцейскага аўтавакзала ў чаканні аўтобуса, паведаміў адзін з відавочцаў здарэння, аўтар відэа Алег Цярэшчанка. Да ягамосця падышлі супрацоўнікі патрульна-вартавой службы міліцыі, якія запатрабавалі прайсці з імі.
 
Той адмовіўся. Людзі, якія сталі відавочцамі затрымання, прасілі міліцыянтаў «адпусціць чалавека дадому». Са словахў сведак затрымання, мужчына не дэбашырыў, а проста заснуў на лаўцы.
 
Міліцыянты папярэдзілі мужчыну: калі ён з імі не пройдзе самохаць, да яго ўжывуць фізічную сілу. Ён выконваць патрабаванне адмовіўся, і праваахоўнікі выканалі сваё абяцанне. Пасля таго як мужчыну занеслі ў службовы аўтамабіль, туды ж міліцыянты правялі і работніцу аўтавакзала, якая перашкаджала затрыманню.
 
Асцярожна, нецэнзурная лексіка
25 ліпеня на сайце УУС Берасцейскага аблвыканкама з'явіўся каментар аб гэтай сітуацыі:
 
«Пры ажыццяўленні аховы грамадскага парадку на тэрыторыі Ленінскага раёна Берасця 23 ліпеня пад 16.30 супрацоўнікам міліцыі патрульна-вартавой службы паступіла паведамленне аб тым, што на берасцейскім аўтавакзале мужчына спіць на лаўцы перона.
 
Прыехаўшы на месца, супрацоўнікі міліцыі выявілі мужчыну, які спаў на лаўцы, з відавочнымі прыкметамі алкагольнага ап'янення. Ім выявіўся 32-гадовы жыхар Кобрына. Падчас пасадкі яго ў службовы аўтамабіль да супрацоўнікаў міліцыі падышла працаўніца аўтавакзала і паспрабавала ў грубай форме перашкаджаць законным патрабаванням праваахоўнікаў.
 
Бачачы паджылы век жанчыны, міліцыянты ветліва і карэктна патлумачылі ёй прычыну дастаўлення ў міліцыю грамадзяніна, які парушыў грамадскі парадак і знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.
 
На гэта жанчына адрэагавала яшчэ больш агрэсіўна, яна ў катэгарычнай форме перашкаджала дзеянням супрацоўнікаў міліцыі. Чыніла фізічнае ўздзеянне на супрацоўнікаў міліцыі, хапала іх за формавае адзенне, аднаму з супрацоўнікаў абарвала гальштук. Граючы на публіку, з крыкамі жанчына сімулявала падзенне на асфальт каля службовага міліцэйскага аўтамабіля. Яна таксама была дастаўленая ў Ленінскі РАУС для разбору. Ацэнка ейным дзеянням будзе дадзеная падчас праверкі».
 
Мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку, за непадпарадкаванне і абразу службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў.
 
«Раней ён ужо 18 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за розныя парушэнні грамадскага парадку, а таксама да крымінальнай адказнасці», - адзначылі ва УУС.
 
https://charter97.org/be/news/2018/7/25/298971/
 
© 2018 "Берасцейская вясна"