Друк
26.07.2018 Грамадства
Дыскрымінацыі беларусаў па нацыянальнай прыкмеце і мове быць не павінна!
 
25 ліпеня адбылася чарговая сустрэча ў Баранавічах бацькоў першакласнікаў-беларусаў, Малашчанка Таццяны і Вольгі Кардоба-Уайт са старшынём Баранавіцкага гарвыканкама Юрыем Грамакоўскім і загадчыкам ГАРАНА Сяргеем Пузікавым.
 
Маці першакласніка-беларуса Таццяна Малашчанка
 
Для правой падтрымкі бацькоў удзельнічаў у сустрэчы праваабаронца ПЦ “Вясна” Сяргей Гоўша – адзін са стваральнікаў у Баранавічах таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны.
 
Праваабаронца ПЦ “Вясна” Сяргей Гоўша
 
Нагадаем, тыдзень назад бацькі 10-ці першаклашак накіравалі скаргу Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь аб тым, што для іх дзетак баранавіцкая ўлада не жадае адчыняць беларускі клас у 4-ай гімназіі, дзе ўжо вучацца дзеткі некаторых бацькоў. Бацькамі былі своечасова пададзены заявы і ўсе адпаведныя дакументы ў 4-ю гімназію, але час ідзе, а іх не жадаюць сюды пускаць і прапануюць іншыя школы на ўскрайку горада. На сустрэчы бацькі рашуча пацвердзілі сваё жаданне навучаць дзяцей менавіта ў гэтай гімназіі, якая размяшчаецца ў цэнтры горада і зручная для іх.
 
Сп. Грамакоўскі на гэты раз прапаноўваў свайму загадчыку ГАРАНА Пузікаву разгледзець іншыя варыянты адкрыцця беларускага класа ў 7-й, ці ў 9-й СШ, якія таксама знаходзяцца ў цэнтры горада, але ж бацькі напомнілі, што нельга раз’ядноўваць дзяцей па розных школах.
 
Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Юрый Грамакоўскі і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама Сяргей Валер’евіч Пузікаў
 
Праваабаронца Сяргей Гоўша напомніў старшыні гарвыканкама і загадчыку ГАРАНА, што праблему з навучаннем беларусаў стварылі сабе і бацькам, менавіта ўлады, якія не кіруюцца Канстытуцыяй і Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, якія гарантуюць усім права выбару мовы атрымання адукацыі ў любой навучальнай установе краіны. І ніякай дыскрымінацыі беларусаў па нацыянальнай прыкмеце і мове быць не павінна! (гл. арт.22 Канстытуцыі РБ, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах – арт.26). І ніякіх угаворванняў на іншы варыянт быць не павінна, заявіў Гоўша, інакш я буду дапамагаць бацькам і пісаць скаргі ў Міністрэрства адукацыі, генеральнаму пракурору, у суд, як гэта я рабіў тры гады таму і не адступлю ніколі. А нейкія спасылкі на тое, што не хапае месца ў школе, што клас павінен быць з 23 вучняў, што не хапае грошай і г.д. – гэта бацькоў не тычыцца і перакладваць свае праблемы на мнагадзетных бацькоў амаральна.
 
© 2018 "Берасцейская вясна"