Друк
06.08.2018 Грамадства
У Брэсце праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода ізноў выйшлі на плошчу карміць галубоў
 
Каля 50 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода 5 жніўня а 12 гадзiне ў чарговы раз сабраліся на плошчы Леніна ў Брэсце. Яны стаялі групамі, кармілі галубоў і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.
 
Так, жыхары Брэста абмяркоўвалі забарону мітынгаў 5 жніўня і 29 ліпеня ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, які вызначаны мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў.
 
Прычынай адмовы ў правядзеньні мітынгу 5 жніўня ў гэтым парку стаў запланаваны тут спартыўнае свята «Дэсант за здаровы лад жыцця!», прысвечаны Дню дэсантнікаў. 29 ліпеня ў гэтым жа парку ўлады не дазволілі мітынг «Берасцейцы супраць акумулятарнага завода» з-за святочнага канцэрта творчых калектываў горада.
 
Як адзначылі ўдзельнікі сустрэчы, мясцовыя ўлады спецыяльна арганізуюць у нядзельныя дні разнастайныя мерапрыемствы, каб не дазволіць мітынгі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.Многія з тых, хто сабраўся назвалі гэта «несумленнай гульнёй».
 
Пратэстоўцы лічаць, што ўлады спалохаліся адзінага дазволенага мітынгу, які прайшоў 29 красавіка з удзелам больш за дзве тысячы чалавек. Ён атрымаў вялікі рэзананс не толькі ў рэгіёне, але і па ўсёй Беларусі. Актывісты лічаць, што мясцовым уладам «паступіла каманда пагасіць гэты пратэст». Сябры ініцыятыўнай групы 3 жніўня падалі ў гарвыканкам заяўкі на правядзенне 12, 18 і 19 жніўня трох мітынгаў «Берасцейцы супраць акумулятарнага завода» на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў.
 
На думку пратэстуючых, забараняючы акцыі, гарвыканкам фактычна «маніпулюе сваімі паўнамоцтвамі».
 
Абмяркоўвалася таксама купля кампутара для "Народнага рэпарцёра". На дадзены момант на гэтыя мэты неабыякавымі берасцейцамі сабрана больш за тысячу рублёў.
 
Сяргей Петрухин сказаў, што больш ніякай тэхнікай міліцыянтам завалодаць не атрымаецца.
 
Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода праходзяць на плошчы Леніна кожную нядзелю з 25 лютага 2018 г.
 
Паўлюк Кавалёў
 
© 2018 "Берасцейская вясна"