Друк
23.01.2018 Грамадства
Дзе ў Лунінцы жыў Якуб Колас?
 
Адказ на гэтае пытанне цяпер дадуць сотні навучэнцаў устаноў адукацыі райцэнтра, хаця памятная мясціна пакуль і не адзначана адпаведнай шыльдай.
 
Такая дасведчанасць стала вынікам своеасаблівага культуралагічнага “марафону”, які ажыццявіў вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Іван Дубовік. Госць з Мінска прадэманстраваў копіі экспанатаў Дома Коласа, правёў відэаэкскурсіі па мясцінах, дзе нарадзіўся, працаваў і жыў народны пясняр. Сустрэчы адбыліся ў сярэдніх школах №1, №2, №4 і гімназіі г. Лунінца, да якой далучыліся прадстаўнікі СШ №3 і сельгаскаледжа. Кожная лекцыя завяршалася віктарынай з уручэннем прызоў знаўцам спадчыны аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай мовы. Добрае веданне біяграфіі і твораў Якуба Коласа паказалі навучэнцы ўсіх установы адукацыі, што сведчыць аб высокім узроўні выкладання беларускай літаратуры.
 
Асаблівым настроем адзначалася размова ў СШ №1. Менавіта на яе месцы ў свой час быў будынак народнага пачатковага вучылішча, дзе ў загадчыка Вікенція Філіповіча – сакурсніка па Нясвіжскай семінарыі – у 1911-1912 гг. жыў Канстанцін Міцкевіч і вёў дадатковыя заняткі з юнымі лунінчанамі. Дарэчы, для нас гэты факт выявіў Леў Мірачыцкі, супрацоўнік Дома Коласа, які наведаў Лунінец у 1960 годзе. Другім быў Георгій Міцкевіч – у 1992-ім дырэктар Стаўбцоўскага філіяла даў старт “Лунінецкім Каласавінам”. Цяперашні госць – трэці прадстаўнік музея Якуба Коласа на лунінецкай зямлі, якому за цікавы расповяд дзякавалі юныя і дарослыя лунінчане.
 
 
Бібліятэкар гімназіі Ірына Пятроўна Раманчук:
 
– Настаўніца Ірына Анатольеўна Дасько з класам была на экскурсіі ў Доме Коласа ў Мінску, так што прыезд Івана Сільвестравіча Дубовіка ўспрымаем як візіт у адказ. І наогул нашы педагогі і гімназісты заўсёды рады сустрэчам, якія прыцягваюць увагу да літаратуры і аўтараў.
 
 
Дырэктар СШ №1 г. Лунінца Галіна Уладзіміраўна Грамыка:
 
– Наш калектыў з асаблівым натхненнем прысвячае праграмы тэме нацыянальнага адраджэння. Сустрэча з супрацоўнікам музея Якуба Коласа стала кульмінацыяй Тыдня беларускай мовы і літаратуры, які вельмі разнастайна рыхтуюць нашы таленавітыя настаўнікі з удзелам здольных вучняў.
 
 
Метыдыст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Надзея Іванаўна Кацуба:
 
– Дзякуючы прыезду Івана Дубовіка, мы натуральна пачалі сёлетні юбілей: будзем адзначаць 100-годдзе выдання славутай паэмы “Сымон-музыка” – як вядома, Якуб Колас пачаў пісаць яе ў Лунінцы.
 
 
© 2018 "Берасцейская вясна"