Друк
13.08.2018 Грамадства
Страўсіная пазіцыя мясцовай улады да добрага не прывядзе
 
12 жніўня прыблізна апоўдня на плошчы Леніна ў Брэсце зноў сабраліся праціўнікi будаўніцтва акумулятарнага завода. Iх было каля сотнi.
 
Яны стаялі групамі, абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, і кармілі галубоў. У прыватнасці, пратэстоўцы абмяркоўвалі чарговыя забароны мітынгаў супраць акумулятарнага завода, якія намячаліся на 12 і 18 жніўня ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў - парк вызначаны мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў. Гарвыканкам не дазволіў іх на падставе таго, што там будуць праходзіць запланаваныя раней мерапрыемствы. Так, 12 жніўня тут праходзіць святочны канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму дню моладзі, а 18 жніўня - мерапрыемства Беларускага грамадскага аб'яднання "Рэспубліканскі клуб службовага сабакаводства». Адказ на заяўлены на 19 жніўня на гэтай жа пляцоўцы мітынг супраць акумулятарнага завода яшчэ не прыйшоў.
 
Нагадаем, па аналагічнай прычыне чыноўнікі забаранілі ў дадзеным парку мітынгі супраць акумулятарнага завода 5 жніўня і 29 ліпеня.
 
Жыхар Брэста Уладзіслаў адзначыў, што ў мінулым годзе ў гэтым парку кожнае нядзелю не праводзіліся мерапрыемствы і «гэта наводзіць на думку, што іх арганізоўваюць, каб не дазваляць мітынгі». «Страўсіная пазіцыя мясцовай улады замест таго, каб вырашаць праблемы, да добрага не прывядзе», - заявіў мясцовы жыхар.
 
Ён таксама лічыць, што «нейкія псеўдоэксперты ўклалі чыноўнікам у галаву інфармацыю пра тое, што ўсё будзе добра», што праект цалкам бяспечны. «А калі б яны пераправерылі гэтыя дадзеныя, то распачалі б актыўныя дзеянні па спыненні будаўніцтва гэтага заводу або мадэрнізацыі гэтага праекта, каб зрабіць яго бяспечным», - мяркуе Уладзіслаў.
 
Берасцеец Анатоль заявіў, што жыхары горада і раёна маюць намер збірацца на плошчы Леніна да таго часу, пакуль будоўля не будзе спыненая. «Апошні раз прыйдзем сюды, каб павіншаваць адзін аднаго з тым, што заводу не будзе», - сказаў ён.
 
У сваю чаргу брэстаўчанка Марыя выказала меркаванне, што «здаровы сэнс і розум павінны перамагчы».
 
Характэрна, што сёння на плошчы былі і людзi, якія ўпершыню прыйшлі кармiць галубоў.
 
Адзiн з актывiстаў нагадаў, што група жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна накіравала ў гарвыканкам заяўкі на правядзенне ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў васьмі мітынгаў супраць акумулятарнага завода: чатыры 25 жніўня і чатыры 26 жніўня. Мэта акцый - выказванне пратэсту супраць будаўніцтва завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй «АйПауэр» пад Брэстам, а таксама інфармаванне грамадзян аб ходзе грамадскай кампаніі супраць гэтага небяспечнага для навакольнага асяроддзя і здароўя людзей вытворчасці.
 
Актывiст паведаміў, што ў заяўках няма дакладнага часу правядзення мітынгу, а паказаны перыяд з 10 да 18 гадзін, каб паглядзець, якія прычыны ў гэтым выпадку назавуць ўлады, каб адмовіць заяўнікам.
 
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". Будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр» - рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык - кітайскае ТАА «Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода праходзяць на плошчы Леніна кожную нядзелю з 25 лютага.
 
Паўлюк Кавалёў
 
© 2018 "Берасцейская вясна"