Друк
23.01.2018 Грамадства
У Берасці – “тараканы”!
 
19 студзеня намеснік начальніка АЎС адміністрацыі Ленінскага раёна г Брэста падпалкоўнік міліцыі Н.Г.Самасюк падпісаў пастанову аб спыненні справы аб адміністратыўным правапарушэнні ў дачаненні да журналіста і блогера Сяргея Пятрухіна.
 
Апынулася, што 9 студзеня ў адміністрацыі Ленінскага раёна быў зарэгістраваны матэрыял праверкі ў дачыненні да Сяргея Пятрухіна па факце парушэння заканадаўства аб СМІ, які перадалі ў міліцыю. Былі праведзеныя пэўныя праверачныя мерапрыемствы. Факт збора інтэрв’ю ў жыхароў і размяшчэння на польскім канале “Белсат” фільма “Як у фільме жахаў! У Берасці – нашэсце вялізных тараканаў” падцвердзіўся, а сам Пятрухін як карэспандэнт замежнага СМІ не акрэдытаваны.
 
У сувязі з тым, што сустрэцца і апытаць Сяргея Пятрухіна ў міліцыянтаў не атрымалася, справу прыйшлося спыніць з-за таго, што мінуў вызначаны законам двухмесячны тэрмін з моманту здзяйснення правапарушэння для прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці.
 
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін лічыць, што ў бяссільнай злабе міліцыянты адпомсцілі журналісту і блогеру Сяргею Пятрухіну: “Яны штучна стварылі фармальную сітуацыю, і каб, на будучыню не павадна было Пятрухіну і іншым, абвінавацілі яго ў няяўцы па позве.
 
У выніку журналіст атрымаў штраф не за парушэнне заканадаўства аб СМІ, а за “няяўку”. Вось такія “тараканы” ў Берасці”.
 
 
© 2018 "Берасцейская вясна"