Друк
04.10.2018 Грамадства
Рэчавы доказ, майку з надпісам "Прэч атруту! Не заводу! Гаспадарыць тут народу!”, суддзя пастанавіў знішчыць
 
Нагадаем, 30 верасня у Берасці, пасля “Кармлення галубоў”, у ваколіцах плошчы Леніна былі затрыманыя два берасцейца, якія выказваюць нязгодну з дзеяннямі берасцейскіх уладаў і ня хочуць, каб іх, іхніх дзяцей і блізкіх, а таксама акаляючае асяроддзе атручваў завод акумулятарных батарэй, што будуецца побач з горадам.
 
Суткі Канстанцін Астапук і вядомы блогер Сяргей Пятрухін правялі ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАЎС г. Брэста.
 
1 кастрычніка яны былі дастаўлены ў суд Ленінскага раёна г. Брэста. Астапуку міліцыя выставіла парушэнне арт. 23.34-1 КаАП, а Пятрухіну арт 23.34-3. У судзе яны запатрабавалі адваката. Суддзя Аляксандар Семянчук, які разглядаў справу, прызначыў далейшае разбіральніцтва на 4 кастрычніка.
 
4 кастрычніка выявілась, што падставай для затрымання былі майкі з надпісам "Прэч атруту! Не заводу! Гаспадарыць тут народу!”
 
Кінулася ў вочы, што на інфармацыйнай табліцы суда адсутнічае спіс заплянаваных на гэты дзень адміністратыўных спраў. Прысутны праваабаронца Уладзімір Вялічкін лічыць, што гэта новае НоўХаў берасцейскага суда, каб жадаючыя не маглі прысутнічаць на разглядзе справы і аказваць маральную і інфармацыйную падтрымку грамадзкім актывістам.
 
Блогера Пятрухіна суддзя Аляксандар Семянчук прызнаў вінаватым ў парушэнні Закона “Аб масавых мерапрыемствах...” і прызначыў пакаранне паводле арт.23.34-3 КаАП у памеры 45 базавых адзінак (1102р. 50к.). Рэчавы ж доказ, майку з надпісам "Прэч атруту! Не заводу! Гаспадарыць тут народу!”, суддзя пастанавіў знішчыць.
 
Справу Канстанціна Астапука разглядаў суддя Святаслаў Каліна. Астапука таксама звінавачана ў парушэнні Закона “Аб масавых мерапрыемствах...”, але пакарана паводле арт 23.34-1 КаАП у памеры 14 базавых.
 
У калідоры адразу пад дзьвярыма судовай залы Астапуку ўручылі позву “за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі” ў Ленінскі РАЎС.
 
Канстанцін кажа прысутным:
 
“Заўтра ў 15-00 мяне будуць прэсаваць у міліцыі... Гэта рэпрэсіі супраць мяне. Мяне трымалі без ежы суткі... Маер Аляксандр Буката хлус.
 
Гэта помста Мікалая Самасюка, ён мне сказаў, што мяне знойдуць у Мухаўцы, калі я не прыпыню карміць галубоў. Гэта страшны чалавек, калі што са мной здарыцца - ён вінават! Я усе роўна выйду карміць галубоў...”
 
 
© 2018 "Берасцейская вясна"