Друк
10.10.2018 Грамадства
Быў ў зялёнай майцы на мерапрыемстве супраць акумулятарнага завода. Букет пакаранняў за адно мерапрыемства
 
10 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна г. Брэста суддзя Дзмітрый Шурын разгледзеў справу Канстанціна Астапука, які апрануў майку з надпісам “Брэст супраць свінца!”.
 
Міліцыя абвінаваціла яго ў “непадпарадкаванні”, адказнсць прадугледжана арт. 23.4 КаАП.
 
На пачатку суда суддзя забараніў фота, відэа і наўпроставую трансляцыю з залы суда.
 
Астапук заявіў адвод судду, бо бачыў і чытаў пра суды: “Я суду не давяраю, бо праўды не знайсці, але да самаго суддзі прэтэнзій не маю, бо першы раз бачу”.
 
Пасля перапынку суддзя адмовіў у задавальненні хадайніцтва. Разгляд іншых хадайніцтваў адклаў на канец пасяджэння.
 
Сведкі з боку Астапука паведамілі суду, што бачылі момант затрымання. Паводзіны супрацоўнікаў міліцыі і іх крыкі “Стаяць!”, бегатня з шалёнымі вачыма налякалі прысутных, таму не здзіўляюцца, што Астапук кінуўся наўцёкі. Яны Бачылі, што Астапуку кепска, што ён ападае на зямлю, каб не перакуліцца трымаецца за агароджу, просіць выклікаць “хуткую дапамогу”, мінакі прапанавалі пакласці на лаўку.
 
Сведкі з боку міліцыі Віктар Краўчук і Алексей Гаруноў сцвярджалі, што Канстанцін Астапук быў ў зялёнай майцы на мерапрыемстве супраць акумулятарнага завода, чым прыцягнуў іх увагу, і падчас затрымання не выканаў іх “законнае” патрабаванне прайсці ў службовы аўтамабіль...
 
Канстанцін тлумачыць, што яму было кепска, каб не паваліцца схапіўся за поручні, таму не мог выканаць іх “патрабаванне”. “Яны самі казалі суду, што прытрымлівалі мяне пад рукі, каб я не паваліўся”, - нагадвае суддзе Астапук
 
Падчас прагляду відэазапіса пачулася: “Выклічце “хуткую”, “На лаўку”, “Хуткую”...
Суддзя спешна выключыў відэазапіс: “Зразумела...”
Пасля чаго адхіліў рэшту хадайніцтваў.
 
У апошнім слове Канстанцін Астапук сказаў: “Мяне затрымалі незаконна, я “непадпарадкаванне” не аказваў , віны не вызнаю”.
 
Пастанова суду ў асобе суддзі Дзмітрыя Шурына - штраф у 3 базавых адзінкі, або 73 рублі 50 капеек.
 
© 2018 "Берасцейская вясна"