Друк
13.03.2018 Грамадства
У сельсавеце Бярозаўскага раёну пералічылі галасы. «Супраць усіх» не перамог
Выбары мясцовых дэпутатаў на Кабакоўскім выбарчым участку, Бярозаўскі раён, 18 лютага 2018 году
 
У Першамайскай сельскай выбарчай камісіі пералічылі галасы ў Кабакоўскай выбарчай акрузе № 11. У выніку дэпутатам сельсавету абвясьцілі былога міліцыянта Дзьмітрыя Гукіна.
 
Раней бярозаўскі назіральнік Сяржук Русецкі і сябра камісіі Аляксандар Кенда расказалі, што ў час падліку галасоў у дзень выбараў на гэтым участку большасьць прагаласавала «супраць усіх», што было зафіксавана і ў пратаколе.
 
Аднак праз пэўны час пасьля выбараў стала вядома, што на гэтай безальтэрнатыўнай акрузе ўсё ж абвясьцілі дэпутатам Дзьмітрыя Гукіна.
 
Назіральнік зь Бярозы Сяржук Русецкі напісаў заяву ў пракуратуру, каб высьветліць, чаму так атрымалася. Яму прыйшоў адказ зь Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі, што бюлетэні яшчэ раз пералічваліся на наступны дзень пасьля выбараў, 19 лютага.
 
«Першамайская сельская выбарчая камісія ў прысутнасьці чальцоў Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі Крагеля А.У. і Мшара В.У., намесьніка старшыні ўчастковай камісіі ўчастку для галасаваньня № 30 Быцко І.Л., правяла паўторны пералік галасоў па Кабакоўскай выбарчай акрузе № 11, пра што быў складзены акт аб правядзеньні паўторнага падліку галасоў выбарнікаў па гэтай выбарчай акрузе», — паведамляецца ў адказе з раённай выбарчай камісіі на заяву Русецкага.
 
У выніку другога падліку выявілася, што за кандыдата Дзьмітрыя Гукіна аддадзена 50 галасоў, а «супраць усіх» прагаласавалі 39 чалавек. У першапачатковым пратаколе гэтыя лічбы былі наадварот.
 
Назіральнік Сяржук Русецкі кажа, што зьдзіўлены такім паваротам, таму што і сам стаяў каля стала, дзе лічыліся галасы ў дзень выбараў:
 
«Камісія з 14 чалавек лічыла галасы. Потым кандыдат абскардзіў гэта, тлумачэньні ўзялі ў назіральнікаў, але чамусьці не ва ўсіх, а толькі „правільных“. Тое самае можна сказаць і пра сяброў камісіі — калі спачатку ўсе 14 лічылі, то чаму на паўторны пералік не запрасілі сябра камісіі ад БНФ Аляксандра Кенду? Вынік атрымаўся такі, які быў патрэбны райвыканкаму», — заявіў Свабодзе Сяржук Русецкі.
 
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com
 
https://www.svaboda.org/a/29096135.html
 
© 2018 "Берасцейская вясна"