Друк
28.01.2019 Грамадства
«Матывацыйны варушняк» у Слуцку
 
Вядомы блогер з Брэста, вядучы канала «Народны рэпарцёр» і грамадскі актывіст Сяргей Пятрухін распавёў у Слуцку пра бескампрамісны гарадскі актывізм і спосабы абароны сваіх правоў з дапамогай відэакамеры. Арганізавала сустрэчу ініцыятыва «Чысты Слуцк» у межах кампаніі «Матывацыйны варушняк».
 
Блогер Сяргей Пятрухін

«Сага пра 4-ы ЖЭС»

Калісьці, прызнаўся Сяргей Пятрухін, ён быў звычайным чалавекам, выступаў у тэатры, а потым вёў вяселлі. Сітуацыя змянілася, калі ў ягоным доме чыноўнікі зацягнулі з капітальным рамонтам.

«Мы сабралі подпісы, я зняў фільм «Сага пра 4-ы ЖЭС», пачалі перапіску, усё як у законах напісана. Але мяне проста пасылалі, а я лез, лез і лез і па выніку пачалі рабіць капрамонт. І мне спадабалася здымаць», - прыгадаў відэаблогер.

Па ягоных словах, у Брэсце шмат праблемаў з гістарычнымі помнікамі: у старых будынках не праводзяць капрамонты, іх не даглядаюць, потым прызнаюць аварыйнымі, перасяляюць жыхароў на ускраіну горада. У той жа час на будынак знаходзіцца інвестар.

«Мяне ратуе публічнасць»

«Я не ведаю, куды паварочваць, столькім людзям пры ўладзе сваімі сюжэтамі сапсаваў крыві. Супраць мяне ўзбуджаная крымінальня справа за паклёп супраць міліцыянтаў – назваў аднаго насатым, другога лысым. І мяне на сёння ратуе публічнасць. Калі я перастану рабіць тое, што раблю, нешта здарыцца», - прызнаўся Сяргей Пятрухін.

Ён прыгадаў нядаўні выпадак у Брэсце, калі склалі пратакол за снегавіка з лозунгам супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. «Міліцыянты робяць тое, што ім загадваюць. І ім няма куды адступаць. А ў народа рана ці позна скончыцца цярпенне», - упэўнены блогер.

«Адразу здымаем кіно»

Ці другі выпадак, дадаў Пятрухін, хлапец смажыў шашлыкі з сябрамі, суседка паскардзілася на гучную музыку а 18:00, прыехала міліцыя, хлапцу зламалі рэбры, нават стралялі. «Маці ягоная хадзіла па інстанцыях, пакуль не паехала ў Мінск, нічога не адбывалася. Але па выніку пасадзілі хлапца на два гады», - адзначыў актывіст.

Абарона пры гэтым і публічнасць на працэсе ў мужчыны была. «Мы паказалі фільм, што ён не вінаваты, што яго пабілі. Маці ходзіць цяпер плача, што сваімі рукамі пасадзіла сына», - дадаў Пятрухін.

Па словах Сяргея, каманда «Народнага рэпарцёра» атрымлівае дакументы і адразу здымае ролікі, ніякіх зваротаў у праваахоўныя органы не бывае. Таму што гэта, лічыць Сяргей Пятрухін, неэфектыўна.

«Калі блог набірае вызначаную колькасць падпісчыкаў, людзі глядзяць, ёсць аўдыторыя, адразу яго пачынае глядзець КДБ, пракуратура, усе глядзяць», - патлумачыў Пятрухін.

«У нас усё палітыка»

«У нас усё палітыка», - упэўнены відэаблогер.

Па ягоным меркаванні, сістэма раз'ядноўвае людзей, а яны церпяць. «Напрыклад, пабілі ў апорным пункце двух хлапцоў. Білі 15 чалавек, пасадзілі аднаго. Бо камераў няма, а ў твар хлапцам распылілі перцовы балончык», - прыгадаў яшчэ адзін выпадак Сяргей Пятрухін.

Блогер упэўнены, што такая міліцыя насустрач людзям не пойдзе.

«Законныя спосабы абароны ад акумулятарнага заводу вычарпаныя»

Гісторыя з будаўніцтвам акумулятарнага завода пад Брэстам цягнецца ўжо больш за год і столькі ж трываюць пратэсты мясцовых жыхароў – апошнім часам у выглядзе «кармлення галубоў» на цэнтральнай плошчы Брэста. Сабраныя 40 тысяч подпісаў супраць з'яўлення гэтага прадпрыемства.

Па словах Сяргея Пятрухіна, улады задумалі будаўніцтва ў густанаселеным раёне горада, раёне элітнай забудовы – пасёлка. Пры гэтым падчас будаўніцтва было шмат парушэнняў, якія знайшлі мясцовыя жыхары. Акрамя таго, на сёння няма інфармацыі, дзе і як будуць перапрацоўвацца небяспечныя адыходы гэтай вытворчасці.

«Уладам усё роўна. І самае кепскае, што людзям таксама ўсё роўна. Пытаюцца: «Няўжо чыноўнікі будуць нас труціць? Ды будуць», - падкрэсліў Сяргей Пятрухін, які з'яўляецца ўдзельнікам пратэстаў і неаднаразова за іх адбываў адміністрацыйны арышт.

Пры гэтым яму і яшчэ аднаму вядучаму канала «Народны рэпарцёр» Аляксандру Кабанаву людзі дапамагалі неаднаразова: збіралі грошы на выплату штрафаў і на канфіскаваную тэхніку.

«Завод павінны былі адкрыць яшчэ ў жніўні, але не адкрылі да гэтага часу. Думаю, паўплывалі на гэта грамадскія пратэсты», - лічыць Пятрухін.

Але прызнае, што законныя метады змагання супраць завода фактычна вычарпаныя, як далей разгорнуцца пратэсты, пакуль незразумела.

«Самае страшнае, што людзі не хочуць разумець, што трэба нешта рабіць», - заключыў Сяргей Пятрухін.Блогер Сяргей Пятрухін (у цэнтры) са слуцкімі актывістамі

Паводле Ініцыятывы «Чысты Слуцк»
у межах кампаніі «Матывацыйны варушняк»

 
 
© 2019 "Берасцейская вясна"