Друк
09.10.2020
«Як праваабаронца я заўсёды выступаю за ідэі справядлівасці, захаванне правоў і агульную роўнасць перад законам»
 
3 кастрычніка ў Маларыце прайшоў 37 Міжнародны марафон, у якім прыняў удзел і юрыст брэсцкай вясны Уладзімір Малей. Грамадска-палітычнае становішча Беларусі цяпер закранае кожную сферу нашага жыцця без выключэння. Для Уладзіміра Малея ўдзел у міжнародных марафонах на знак салідарнасці з палітвязнямі – даўно ўжо традыцыя.
Раней ён бег за свабоду кандыдата ў прэзідэнты 2010 года Андрэя Саннікава (марафон у Брэсце), праваабаронцы Вясны Алеся Бяляцкага (марафоны ў Брэсце, Маларыце і Вільні), а таксама старшыні мінскага гарадскога незалежнага прафсаюза РЭП Ігара Комліка.
У гэтым годзе ён прысвяціў свой дзесяцікіламятровы прабег Сяргею Пятрухіну, брэсцкаму блогеру, сябру і калегу, які з 16 чэрвеня незаконна ўтрымліваецца ўладамі ў рамках крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
Кожны раз Уладзімір адказна рыхтуецца да забегу, дапаўняючы свой вобраз спартыўнай формай з выявамі ахвяраў рэжыму, а таксама тэматычнымі сцягамі. Звычайна гэта БЧБ, але ў гэты раз ён вырашыў абазначыць сябе на прабегу ў тым ліку як член незалежнага прафсаюза РЭП і выйшаў са сцягам арганізацыі.
«Як праваабаронца я заўсёды выступаю за ідэі справядлівасці, захаванне правоў і агульную роўнасць перад законам. Я бегаў за адмену смяротнага пакарання, у гонар 100годдзя БНР, рэгулярна бегаю за нашых палітвязняў, каб прыцягнуць увагу да гэтых праблем ».
 
 
© 2021 "Берасцейская вясна"