Друк
13.10.2020
Адвакат Сяргея Ціханоўскага распавёў падрабязнасці сустрэчы з Лукашэнкам
Палітвязень адмовіўся паціскаць руку дыктатару і здымацца на камеру прапагандыстаў.
 
Сяргей Ціханоўскі сапраўды ўдзельнічаў у сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 10 кастрычніка ў СІЗА КДБ. На ёй Лукашэнка, даведаўшыся, што Сяргей не кантактуе з жонкай, дазволіў патэлефанаваць ёй. Тэлефонная размова са Святланай адбылася ў прысутнасці аховы. Пра гэта tut.by расказаў ягоны адвакат Віктар Мацкевіч.
 
Як распавёў свайму абаронцу Сяргей Ціханоўскі, для сустрэчы ў СІЗА КДБ яго на досвітку вывезлі з СІЗА ў Жодзіне, суправаджалі яго людзі ў масках. Прывезлі ў Менск у КДБ, завялі ў невялікую залу. На стале ўжо стаялі шыльды з імёнамі зняволеных: Бабарыка, Знак, Салей, Шкляр ды іншыя, усяго было 12 чалавек, і для ўсіх гэта мерапрыемства стала нечаканасцю.
 
- Увайшоў Лукашэнка і пачаў ціснуць усім рукі. Сяргей пазбягае поціскаў рукі, асцерагаецца каранавіруса. Ён не хацеў таксама, каб яго здымалі на камеру для ТБ. Потым на працягу пяці гадзін была гутарка з Лукашэнкам, дзе ў асноўным прамаўляў ён сам. Ціханоўскі ўсё ж спрабаваў давесці сваю пазіцыю, што ён знаходзіцца пад вартай паводле неабгрунтаваных абвінавачванняў, і, карыстаючыся прысутнасцю прэс-сакратара, абурыўся тым, што дзяржаўныя СМІ распаўсюджваюць пра яго недакладную інфармацыю пра тое, што ён працуе на РФ, на Захад, пра ягонае знаёмства са Шкляравым і г.д., - распавядае Віктар Мацкевіч.
 
Ціханоўскі таксама пытаўся, за што абвясцілі ў вышук ягоную жонку Святлану Ціханоўскую, чаму няма на сустрэчы Марыі Калеснікавай. З адказаў Лукашэнкі, як сказаў Ціханоўскі, яму стала ясна, што той добра знаёмы з ходам расследавання крымінальных спраў і з тым, у які момант, якія ўмовы ўтрымання і чаму былі ў Сяргея ў СІЗА. Выказваліся таксама супрацьлеглыя пункты гледжання наконт таго, ці павінен удзел у палітыцы ўплываць на крымінальныя абвінавачванні. Ціханоўскаму далі зразумець, што яго выпусцяць з-пад варты не хутка. У той жа час прагучала, што лёс зняволеных будуць вызначаць следства і суд і ўсё пад кантролем.
 
- Як растлумачыў мой падабаронны, пры размове пра канстытуцыйную рэформу ён, Ціханоўскі, сказаў, што ён і тыя з прысутных, хто зацікаўлены, гатовыя і маглі б выказаць свае прапановы, але не ў кайданках, знаходзячыся ў турме, а па добрай волі, - распавёў Мацкевіч.
 
Ноч 11 кастрычніка Ціханоўскі правёў у СІЗА КДБ. Затым Ціханоўскага зноў вярнулі ў СІЗА Жодзіна.
 
charter97.org/be/news/2020/10/13/396790/
 
© 2021 "Берасцейская вясна"