Друк
02.11.2020
Кобрын: пакаранні, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»
 
Кіроўцу ў Кобрыне аштрафавалі за заклік у інтэрнэце да акцый пратэсту.
 
Кіроўцу рэйсавых аўтобусаў аўтапарку ў Кобрыне Анатоля Цецярука 30 кастрычніка суддзя Вадзім Здановіч пакараў штрафам у 20 базавых велічынь за заклік у тэлеграм-канале «Кобрын для жыцця» да акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў. Спадар Анатоль 28 кастрычніка быў затрыманы міліцыянтамі, дастаўлены ў РАУС і двое сутак да суду быў закратаваны ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ).
 
«Я не шкадую, што так адбылося, бо заўсёды чакаў арышту. Разам з тым не выключаю, што кіраўніцтва аўтапарку не працягне кантракт са мною, хоць кіроўцаў не хапае», — зазначыў Анатоль Цецярук. Ягоная жонка, што працуе санітаркай у мясцовай паліклініцы, і 17-гадовая дачка падзяляюць погляды свайго мужа і бацькі. Дарэчы, Анатоль Цецярук вылучаецца сярод кабрынчанаў сваёй беларускамоўнасцю і вялікай цікаўнасцю да нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыны.
 
Сярод іншых падзей тыдня ў горадзе трэба назваць вызваленне юрысконсульта Рамана Дзмітрука з ІЧУ, дзе бацька чацвярых дзяцей адседзеў 7 сутак, з’яўленне выявы бел-чырвона-белага сцягу на фасадзе новабуду і стварэнне вялізнай дынамічнай выявы гістарычнага гербу «Пагоня». 
https://novychas.by/hramadstva/kobryn-pakaranni-bel-czyrvona-bely-scjah-i-herb
 
© 2021 "Берасцейская вясна"