13.04.2018 Грамадства
«Facebook – кампанія ідэалістаў і аптымістаў».
Менавіта з такіх словаў пачынаўся выступ заснавальніка і кіраўніка кампампаніі Facebook Марка Цукерберга спачатку перад сенатарамі ЗША, потым і перад кангрэсменамі.
Еўрапейскія парламентарыі ды і прадстаўнікі Еўракамісіі кажуць пра тое, што гараць жаданнем задаць пару пытанняў. Апошнія пару тыдня Фэйсбук не перастае быць у цэнтры скандалу праз уцечку асабістых дадзеных 50 ці 60 млн карыстальнікаў. І пытанне, нават не ў тым, што чарговы раз «прабачце, не дапільнавалі». А ў тым, што «хтосьці» калектыўны аптымізм ставіць вышэй за асабістую бяспеку і не перастае верыць у масы. Бо пра тыя ж масы Марк Цукерберг не раз паўтараў падчас скажам наўпрост «няпростай размовы».
Так сталася, што акурат людзі з нашай постсавецкай прасторы на сваім уласным досведзе і досведзе папярэдніх пакаленняў дасканала ведаюць ува што выліваецца аптымістычная вера ў масы. У нас гэта называецца прасцей – бальшавізм. І можа нічога кепскага няма, што ў Сіліконавай даліне жывуць і працуюць «умераныя камуністы» ці, прасцей кажучы, левыя, але калі масам даць волю кіраваць светам, то замест Сіліконавых далін і ІТ-паркаў вырастаюць ГУЛАГі і Беламорканалы.
За апошнія некалькі гадоў Facebook стаў часткай нашага жыцця. З ім мы дзелімся ўсім, нават больш чым з бацькамі ці сябрамі. Нашым сябрам па той бок экрану давяраем, а ці варта? Падаецца, варта прызнаць, што гібрыдная вайна даўно набыла глабальныя маштабы і выклікаў наперадзе ўсё больш. Цяпер у цэнтры скандалу супрацоўнік Cambridge Analytica нейкі Аляксандр Коган, якога падазраюць у сувязі з расійскімі спецслужбамі. Можа варта кампаніям, якія маюць уплыў на нацыянальную і сусветную бяспеку, падчас прыёму на працу супрацоўнікаў, пачаць звяртаць увагу на тое, ці яны не з постсавецкай прасторы?