26.10.2017 Грамадства
У Брэсце абмяркавалі, як працаўладкаваць у Беларусі выпускнікоў замежных ВНУ
Круглы стол на гэту тэму арганізавала агенцтва “Тваё заўтра”.
Ён аб’яднаў каля двух дзясяткаў прадстаўнікоў бізнэсу, грамадскага сектару, маладых спецыялістаў і медыя ў памяшканні брэсцкага прадстаўніцтва гандлёва-прамысловай палаты.
Мэта дзейнасці агенцтва “Тваё заўтра – спрыянне вяртання ў Беларусь беларусаў – выпускнікоў замежных універсітэтаў, а таксама выкарыстанне патэнцыялу беларускай інтэлектуальнай дыяспары для правядзення рэформ, якія рэалізуе беларуская дзяржава.
Сумныя перспектывы на радзіме – галоўная, на думку арганізатараў круглага сталу, прычына невяртання выпускнікоў у Беларусь.
Пра цяжкасці з працаўладкаваннем распавялі самі выпускнікі, прысутныя на сустрэчы. Па іх словах, часам патэнцыйныя працадаўцы, “уключалі чырвонае святло”, як толькі бачылі замежны дыплом.
Аляксандр Казлоў, прадстаўнік брэсцкага бізнэсу, паспрабаваў прааналізаваць, чаму так адбываецца. Ён адразу і прапанаваў, як можна вырашыць гэтую сітуацыю.
Казлоў: «Я як патэнцыйны працадаўца з прыватнага бізнесу магу сказаць, што дыплом для мяне будзе стаяць у самым апошнім месцы. Калі чалавек назад рэінтыгруецца ў Беларусь і сацыяльна не будзе адаптаваны, у яго вельмі мала шанцаў у параўнанні з іншым кандыдатам, у якога не заходні дыплом, але які больш прыстасаваны да нашых рэаліяў. Гэта задача, я лічу, грамадскіх арганізацый ці нейкіх фондаў. Магчыма, патрэбен грант, які б пакрываў мае рызыкі браць на працу такога чалавека. То бок, каб нейкі фонд браў абавязальніцтвы цягам, напрыклад, трох месяцаў аплочваць працу такого кандыдата, то тады дырэктары прадпрыемстваў з задавальненнем
бралі б іх.”
Пётр Камяковіч, прадстаўнік грамадска-кансультатыўнага савету па развіцці прадрымальніцтва пры Брэсцкім аблвыканкаме, бачыць праблему больш шырока.
Камяковіч: “Калі паглядзець на тую ж Польшчу, то яна пачала «ўздымацца» менавіта тады, калі пачалі вяртацца палякі з нямецкімі, англійскімі грашыма і пачалі рабіць бізнэс дома. Дык вось: мы нічога не даб'емся, калі не створым у Беларусі такія ж умовы, каб нашы хлопцы сюды вярталіся. Чаму зараз пачалі вяртацца ў Беларусь «айтышнiкi»? Таму што для іх створаны нармальныя ўмовы. Трэба ствараць такія ж спрыяльныя ўмовы і для вядзення бізнесу ў іншых сферах».
Падобныя круглыя сталы яшчэ адбудуцца 27 кастрычніка ў Магілёве і 31 кастрычніка ў Мінску. Арганізатары хочуць параўнаць, чым адрозніваюцца сітуацыя ў розных рэгіёнах, каб сабраць лепшыя ідэі для вырашэння праблемы працаўладкавання студэнтаў.