Друк
26.12.2011 Грамадства
Задзейнічаныя ўсе магчымыя інстанцыі, каб атрымаць дазвол на развітанне Алеся Бяляцкага з бацькам

Ранкам 26 снежня жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага Наталля яшчэ раз звярнулася ў вышэйшыя інстанцыі, якія б маглі ўзяць на сябе рашэнне прадставіць магчымасць Алесю развітацца з родным бацькам, які памёр 24 снежня. Усе папярэднія звароты да старшыні суду Першамайскага раёна, у МУС і Дэпартамент выканання пакаранняў, скончыліся безвынікова. Прычына – адсутнасць на заканадаўчым узроўні адпаведнай працэдуры для канваіравання асобаў, у дачыненні да якіх прысуд не ўступіў у законную сілу.

Заява з просьбаю дазволіць прысутнічаць Бяляцкаму на пахаванні бацькі перададзеная і зарэгістраваная у Генеральнай пракуратуры. Начальнік аддзела па нагляду за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў Гарошка Юрый Іванавіч пры сустрэчы з Наталляй, яшчэ раз падкрэсліў, што ў Беларусі не існуе законна вызначанай працэдуры, якая б дазволіла ў адпаведнай сітуацыі арганізаваць развітанне з памерлым і параіў звярнуцца ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу з заканадаўчай ініцыятывай, каб падобная працэдура ў далейшым была вызначаная на ўзроўні закону.

У прыёмнай Міністрэства ўнутраных спраў заяву прыняў старэйшы інспектар па асаблівых даручэннях, палкоўнік міліцыі Шаўлюкевіч. Ён адзначыў, што заява можа быць перададзеная на разгляд выконваючаму абавязкі міністра толькі ў другой палове дня.

Таксама заява на дазвол развітацца Алесю Бяляцкаму з бацькам пакінутая ў судзе Першамайскага раёна Менска. Чакаецца, што рашэнне па ёй будзе прынятае на працягу сённяшняга дня.

Такім чынам, на сёння задзейнічаныя ўсе магчымыя інстанцыі, ад якіх залежыць вырашэнне гэтага пытання і нягледзячы на адсутнасць заканадаўчай працэдуры, родныя А. Бяляцкага спадзяюцца, што чыноўнікі праявяць гуманнасць і чалавечнасць, а рашэнне будзе станоўчым.

У далейшым праваабаронцы збіраюцца звяртацца ў заканадаўчы орган краіны з ініцыятываю выправіць прабелы, якія існуюць у заканадаўстве і з-за якіх асобы, што ўтрымліваюцца пад вартай і віна якіх не ўстаноўленая судом, аказваюцца ў горшым прававым становішчы, чым асуджаныя, паколькі для апошніх працэдура, што вызначае ўдзел у пахаванні сваякоў, вызначаная Крымінальна-выканаўчым кодэксам РБ.

spring96.org/be/news/48591
 
© 2022 "Берасцейская вясна"