Друк
18.08.2016 Грамадства
Няма прыгажэй ад маёй Беларусі
 
У Кобрыне кандыдат у дэпутаты ў парламент Алесь Мех запрасіў да сябе на мядовый Спас сябрукоў. На вечарыну завіталі не толькі мясцовыя, але і госці са сталіцы.
 
Тацяна Грыневіч, беларуская музыка і Антаніна Хатэнка, паэтка, этнограф, літаратуразнаўца падаравалі нам сапраўдны свет музыкі і беларускай паэзі. Непаўторнымі ў выкананні Татьяны Грыневіч гучалі песні на вершы беларускіх класікаў – Максіма Багдановіча, Я.Купалы, Ніны Мацяш.
 
Родная мова гучала з вуснаў Антаніны Хатэнка пад блакітным небам і адлятала ў вышыню, у вечнасць...
 
На белым свеце дождж і я,
І больш нікога. Больш нікога.
Спешае ў рай хада мая,
У вырай дождж ляціць ад Бога.
На былым свеце я і дождж,
Дзве адзінотныя дарогі,
Бяжым упоперак і ўдоўж,
Ідзем разгублена да Бога.
На белым свеце мы з дажджом –
Адчай, маленне і знемога.
Паміж заплаканных крыжоў
Шукаем Вечны шлях – да Бога.
На цэлым свеце дождж і я.
Сляды згараюць бліскавічна.
Чужынец – дождж, а я – свая…
І нехта кліча ўдалеч, кліча…
На белым свеце сум дажджу.
Спатканне наша на скрыжалях.
Сыду. І Богу раскажу
Пра белы Край любові й жалю…
 
Падчас мерапрыемства Татяца Грыневіч пазнаёміла прысутных з цікавымі кружэлкамі, плёнам сваёй шматгадовай працы. Слухачы маглі пачуць галасы Якуба Коласа, Ларісы Геніюш, Ўладзіміра Караткевіча і іншых з дыску “Галасы паэтаў”.
 
Паэтычная вечарына, якая адбылася ў Кобрыне, яшчэ раз падтвердзіла, што “няма прыгажэй ад маёй Беларусі” (такую назву мае дыск да школьнікаў Тацяны Грыневіч – асветніцы ў галіне беларускай культуры).
 
 
 
 
© 2020 "Берасцейская вясна"