Друк
19.10.2016 Грамадства
Берасцейцы не пакінуць без дапамогі тых, каму яна патрэбна
 
А патрэбна дапамога чачэнцам, якія вымушаны жыць на вакзале. Едучы ў Польшчу, яны ніяк не думалі затрымлівацца на Беларусі на некалькі месяцаў.
 
Жанчыны расказваюць, што няёмка ім прасіць што-небудзь. Але, што ж рабіць? Дзецям, як і дарослым, не хапае цёплых рэчаў, абутку, ежы.
 
Сябры “Берасцейскай вясны” актыўна працуюць над лёсам уцекачоў. Валанцёры (звычайныя людзі, не ад якой-небудзь арганізацыі) прыходзяць на вакзал з ежай. Прыносяць таксама курткі, абутак, цёплыя кофты. Ксенія (валанцёр) кажа: “ Няма віны гэтых людзей у тым, што апынуліся яны ў такім становішчы. Таму не магу не дапамагчы ім. Асабліва шкада дзетак. Тут яны ўсіх узростаў”.
 
Сапраўды, багата на вакзале дзяцей. А гэта слабыя арганізмы, асабліва ў такіх абставінах, калі на вячэру – ролтан, а на снеданне не заўсёды гарбата. Дзеці хварэюць, таму патрэбны лекі. А самаму маленькаму (8 месяцаў) патрэбны памперсы. Ёсць людзі, каторыя бяруць на сябе адказнасць і водзяць малых да ўрачоў. Нехта бярэ да сябе на некаторы час сям’ю, нехта забірае рэчы чачэнцаў, каб памыць іх.
 
“Ёсць добрыя людзі, каторыя пускаюць да сябе ў хату, пагрэцца, памыцца. Гэта вельмі добрыя людзі. Яны думаюць аб нас, і гэта вельмі дапамагае нам. Дзякуй”, - дзеліцца з намі Фаіда.
 
Просім Вас таксама прыняць ўдзел ў такой важнай справе. Коўдры, абутак, курткі, шапкі, штаны, лекі, памперсы, ежа вельмі патрэбны людзям, якіх Вы знойдзеце на чыгуначным вакзале ў залі чакання.
 
 
© 2019 "Берасцейская вясна"