Друк
07.11.2016 Гісторыя
7 лістапада 1920 г. у Тураве генерал Станіслаў Булак-Балаховіч пад бел-чырвона-белым сьцягам прысягнуў аж да сьмерці змагацца за незалежную Беларусь
 
“7 лістапада — для кагосьці дзень "велікай акцябарскай рэвалюцыі", - піша на сваёй старонцы ў www.facebook.com берасцейскі краязнаўца Ігар Бараноўскі: “Для беларусаў ген. С. #Балаховіч зрабіў памятным гэты дзень з іншай нагоды. 7 лістапада 1920 г. у Тураве генерал Станіслаў Булак-Балаховіч пад бел-чырвона-белым сьцягам прысягнуў аж да сьмерці змагацца за незалежную Беларусь, каб вызваліць яе ад бальшавікоў, і распачаў свой Палескі паход.
 
Ніжэй урывак з успамінаў беларускага пісьменьніка-нашаніўца Ядвігіна Ш. (псеўд. Антона Лявіцкага) — актыўнага ўдзельніка тых гістарычных падзеяў. Яго ўспаміны "На абарону Бацькаўшчыны" друкаваліся ў віленскай беларускай газеце “Еднасьць” на працягу жніўня-лістапада 1921 году.
----------------------
Генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч: Няхай жыве незалежная Беларусь!
 
7-га лістапада 1920 г. з самай раніцы, як жывыя, даўгія, рожнакалёрныя істужкі — вялізарнымі вузакамі сунуліся з рожных старон натоўпы народу на #Тураў.
 
У вуліцах гораду істужкі гэтыя часова разрываліся, крыху блыталіся, але кіраўнікі сьветкаваньня сягоньняшняга дня спатыкалі іх, парадкавалі, заводзілі на пляц і разстаўлялі там групамі паводлуг раней прыгатаванага пляну: дэлегацыі як ад хрысьціян, так і ад жыдоў займалі адну старану пляцу, царкоўныя — з харугвямі і хорамі — працэсіі займалі асобныя мейсцы — бліжэй, спэцыяльна збудаванага на сягоняшні дзень, аўтару.
 
Сталі надыходзіць і вайсковыя часьці, паміж каторымі чыста беларускія аддзелы выстройваліся ў пярэдніх радох.
Пад той час былі ўжо сфармованы: 1-шы Беларускі Менскі Полк стральцоў, Магілёўскі Полк, Вітэбскі Полк, 1 батальён у Астроўскім Палку і Эскадр[он] Кавалерыі.
 
А гадзіне дзесятай з крэстным ходам, харугвямі і хорамі надыйшло мяйсцовае духавенства. Стала зьбірацца і начальства: Б. Савінкаў са штабам расейскай арміі, прадстаўнікі англійскай палітычнай і ваеннай місіі, Беларускі палітычны Камітэт са сваім штатам, а ўрэшце зьявіўся і гэнэрал Булак-Балаховіч са сваім штабам.
 
Пачалося малебства, у канцы якога духоўнік праваслаўны магутным голасам прапеў: “Незалежнай Беларускай Народнай Рэспубліцы — Многія Леты!” “Мно-о-гі-я Леты, Мно-о-гі-я Ле-е-ты!” — падхапілі царкоўныя хоры, падхапіла гэтыя словы і войска, падхапіў і ўвесь прысутны тут Народ!
 
Пяялі — як хто мог, як хто ўмеў, а ад гэтага магутнага акорду народнага — здавалася — грымеў увесь Тураў, а рэха, як і думкі прысутных тут Беларусаў каціліся безканечна далёка...
 
Хай бы хоць на адзін гэты мамэнт апынуліся тут цяпер тыя беларускія чыноўнікі — міністры і іх служкі, якія — седзячы на мягкіх крэслах цёплых памяшканьняў Вільні, Горадні і заграніцы — выкпівалі і аблівалі памыямі ў сваіх канцэлярскіх рэзалюцыях і часопісах жывую рэальную працу Беларускую, а пэўна-ж, што іх жорсткасьць і самалюбства растаялі б ад агульнага народнага энтузіязму: пэўна-ж — загарэліся б і іх вочы, забілася-б — шчыра забілася-б і іх беларускае сэрца, а з грудзёў — ня пытаючы ўжо чыноўніка — вырваліся б тыя ж самыя словы, ад якіх цяпер грымеў Тураў.
 
А мо б каторы ўкрадкам і няпрошаную сьлязінку я вока змахнуў, як не адзін з прысутных тут у гэтую вялікую гістарычную хвіліну — нязначна змахіваў іх...
 
Так: гэта ня была камэдыя, гэта ня была заўчасу задуманая авантура — гэта быў шчыры ідэйны парыў, абвеены глыбокай любоўю да свае замучанае Бацькаўшчыны...
 
Пасьля малебства праваслаўнага духавенства, мяйсцовы рабін з дэлегацыямі жыдоўскімі адправілі свае малебства, у канцы якога таксама прапяялі малітвы за “Вольную Беларускую Народную Рэспубліку”.
На пляцы сьціхла.
 
Беларускі Народны Штандар захістаўся ў руках г[энэрала] Балаховіча. Ён сваім быстрым, цьвёрдым крокам, падышоўшы да сяброў Беларускага Палітычнага Камітэту, падняў яго высока ў гару і раптоўна апусьціўшы моцна і глыбока ўбіў — убіў Беларускі Штандар у Беларускую Вольную Зямлю.
 
А на пляцы была такая цішыня, што чутно было, як быццам ёкнула гэтая зямля...
 
“Я — сын гэтай няшчаснай зямлі, — пачуліся на ўвесь пляц словы Балаховіча. — Урачыста прысягаю, што не палажу аружжа, пакуль не асвабаджу радзімага краю ад узурпатараў. Прысягайце і вы са мной, што пад гэтым дарагім для нас Штандарам Народным — пабядзім, або памрэм! Няхай жыве Незалежная Беларусь!”
 
Яшчэ хвіліна цішыні, а пасьля — як бы раптоўна прарваўшыйся вялізарныя хвалі пакаціліся па ўсім Тураўскім пляцы:
“Няхай жыве Незалежная Беларусь! Няхай жыве Незалежная Беларусь!!”...
 
На фота: Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч у Берасьці, 1920 г.
 
https://www.facebook.com/photo.php?fbid=883196455032485&set=a.233893726629431.66092.100000264167160&type=3
 
 
© 2019 "Берасцейская вясна"