12.12.2016 Грамадства
Пахудаўшы але не скароны фермер з Арлянкі выйшаў на волю
12 снежня пасля 2-х месяцаў арышту фермер з Арлянкі Мікалай Бяльчук выйшаў на волю.
Нагадаем, 9 траўня 2014 года па распараджэнні вышэйшага кіраўніцтва капітан міліцыі Неліповіч паспрабаваў адабраць самаробны трактар фермера Аляксандра Бяльчука. Аляксандар трактар не аддаў, бо Неліповіч не змог прад’явіць неаспрэчных падстаў для сваіх дзеянняў. Але ў выніку канфлікту Аляксандр Бяльчук адседзеў 3 месяцы ў турме горада Баранавічы, а ягоны брат Мікалай быў абвешчаны ў вышук.
Мінула два гады Мікалай нідзе не хаваўся, працаваў, ніякіх позваў з міліцыі не атрымліваў, як, неўзабаве 12 кастрычніка невядомыя людзі ў цывільным на цывілным аўто схапілі яго і кінуліся наўцёкі. Пазней апынулася, што гэта былі пераапранутыя міліцыянты. Падчас транспартыроўкі затрыманага адзін з пераапранутых міліцыянтаў ударыў Мікалая адкрытай далонню у чало. Мікалай перакуліўся, ўдарыўся галавой аб скрыню і на тры дні страціў прытомнасць...
Лекар СІЗА адмовіўся яго прымаць, таму што Мікалай быў “ніякі”. Пазней нехта з лекараў шпіталя па вул. Леніна выдаў даведку, што Мікалай здаровы і тады яго прынялі ў СІЗА. Мікалай мяркуе, што той лекар яго ўвогуле не бачыў. Мікалай доўгі час марна намагаўся дабіцца справядлівасці па факце ягонага збіцця. І у рэшце-рэшт мусеў пайсці на скрайнія меры – ад 8-ай гадзіны раніцы 1 лістапада Мікалай Бяльчук абвесціў сухую галадоўку ў сувязі з бязмежжам работнікаў МУС.
На судзе інспектар Неліповіч сцьвярджаў, што Мікалай яго пакусаў.
Пракурор палічыла віну абвінавачанага Мікалая Бяльчука цалкам даказанай. У сувязі з чым прасіла суд прызначыць абвінавачанаму 2 месяцы арышту.
Адвакаты ж мелі супрацьлеглае мяркаванне:
Начальнік Брэсцкага РАЎС Юры й Грыка пабачыў трактар. Паслаў кіроўцу высвятліць, ці трактар зарэгістраваны. Дакумантаў на трактар не было. Паведаміў дэжурнаму. Прыехаў участковы, потым інспектар ДАІ Сяргей Неліповіч. Участковы з“ехаў па вызаву. Інспектар застаўся сам. Прыехалі Бяльчукі. Запхалі трактар у гараж. Адбыліся падзеі сведкамі якой былі інспектар ДАІ Неліповіч, Бяльчукі Аляксандар, Мікалай, Віктар і іх сваяк Івянец.
Усе сведкі з боку міліцыі не былі сведкамі здарэння, іх сведчанні абапіраюцца на аповядах інспектара Неліповіча. Мінула больш за 2 гады і яны ўспомнілі тое аб чым раней не згадвалася, укусы, называюць элементы вопраткі якой на Неліповічу не было (блакітная кашуля , форменны піджак). Апісваюць выгляд пабітага твара Неліповіча – пасіненне, чырвоны твар, смяшчэне носа, прыпухлы нос, кроў з носа, кроў на твары... Неліповіч прадаставіў калегам звесткі ў карыснай для сябе форме!
Само здарэнне распачалося з невыканання норм заканадаўства, з распараджэння кіраўніцтва, адданага не ў пісьмовай, а вуснай форме. Інспектар ДАІ Сяргей Неліповіч не выкарыстаў наяўныя магчымасці распачаць адміністратыўны працэс. Неліповіч беспадстаўна ўварваўся на прыватны падворак, не прадставіўся, спрабаваў канфіскаваць трактар не маючы на тое падстаў... Ніводнае з патрабаванняў інспектара ДАІ С.С. Неліповіча не абапертае на законе!
Суд прызнаў Мікалая Бяльчука вынаватым у злачынстве прадугледжаным арт. 364 КК «Гвалт або пагроза выкарыстоўвання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі» і прызначыў пакаранне ў выглядзе 2 месяцаў арышту.
Дэжурная СІЗА недакладна інфармавала прысутных аб часе выхаду Мікалая Бяльчука на волю, маўляў – у першай палове дня. Як толькі бацька Мікалая з адвакаткай ад“ехалі па справах, як на парозе з“явіўся Мікалай з клункамі ў суправаджэнні ахфіцэра міліцыі, паказалі даведку аб вызваленні і Мікалая сустрэў праваабаронца Уладзімір Вялічкін. «Наша праваахоўная сістэма навучыла нас, берасцейскіх праваабаронцаў жыць па прынцыпе «Ня вер, не бойся, не прасі!» Таму я наўмысна застаўся, бо паталагічна не давяраю нашай праваахоўнай сістэме. Гэта ўжо сталася агульнай практыкай выпускаць вязняў такім чынам, каб іх не прыйшлі сустракаць сваякі, журналісты, знаёмыя... Каб пазбавіць журналістаў інфармацыйнай нагоды, а грамадзтва аператыўнай, праўдзівай інфармацыі» - патлумачыў сітуацыю праваабаронца.
Неўзабаве над“ехалі журналісты, сваякі, бацька. Мікалай Бяльчук распавёў прысутным аб здзеках у СІЗА. «Я не вінаваты», - сказаў фермер: «Я буду скардзіцца надалей, звярнусь, калі трэба, у міжнародныя інстанцыі. Калі б я сапраўды быў вінаваты, мне бы далі ўсе 6 год зняволення».
Пасля інтэрв“ю родныя павезлі слабога пасля галадоўкі фермера ў шпіталь...
© 2023 "Берасцейская вясна"