Друк
23.12.2016 Грамадства
Пасведчанне №1 на альтэрнатыўную службу
 
З 1 ліпеня гэтага года ўступіў у сілу Закон «Аб альтэрнатыўнай службе», які накіраваны на рэалізацыю права грамадзян, замацаванага ў Канстытуцыі, на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай. Рашэннем Брэсцкай гарадской прызыўной камісіі тэрміновая вайсковая служба па рэлігійных перакананнях заменена на альтэрнатыўную 19-гадоваму берасцейцу Вадзіму Фаміну, прыдатнаму да прызыву.
 
У сувязі з гэтым у Брэсце яму выдалі пасведчанне №1 на альтэрнатыўную службу, якое ўручыў начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне гарвыканкама Міхаіл Раманюк. Разам з пасведчаннем брэсцкаму «альтэрнатыўшчыку» Вадзіму Фаміну выдалі ўліковую картку, прадпісанне і праязныя дакументы. Тры гады ён будзе служыць на прадпрыемстве «Лагойскі комхоз» ў Менскай вобласці.
 
Заўважым, што тэрміны альтэрнатыўнай службы складаюць: для грамадзян без вышэйшай адукацыі – 36 месяцаў, з вышэйшай адукацыяй – 24. А ўсяго, паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якое займаецца размеркаваннем «альтэрнатыўшчыкаў», на пачатак снежня гэтага года ў дачыненні да 55 грамадзян у краіне вызначаны арганізацыі, у якіх яны будуць праходзіць альтэрнатыўную службу.
 
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Брэсцкага гарвыканкама Максіма Жыценёва, на альтэрнатыўную службу могуць быць накіраваны прызыўнікі, якія заявілі, што прыняццё прысягі, нашэнне, прымяненне зброі або ўдзел у вытворчасці і абслугоўванні зброі супярэчаць іх рэлігійным перакананням. Такую службу яны праходзяць у арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог і чыгункі.
 
Найбольшая колькасць рашэнняў у дачыненні да грамадзян, якім ваеннымі камісарыятамі воінская служба заменена на альтэрнатыўную, паступіла з Віцебскай вобласці - у дачыненні да 19 чалавек. У астатніх абласцях іх менш: у Гродзенскай 14 чалавек, у Гомельскай восем, Брэсцкай сем, Мінскай чатыры, Магілёўскай два і ў Менску ўсяго адзін чалавек.
 
Нагадаем, што тым, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, прадугледжана штомесячнае грашовае ўтрыманне ў памеры 150 адсоткаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. Акрамя таго, з 13-га месяца службы яго памер павышаецца на 20 адсоткаў бюджэту пражытковага мінімуму, а з 25 месяца - на 40 адсоткаў.
 
Для "альтэрнатыўшчыкаў" прадугледжана таксама дармовае жытло. Маюць яны і права выезду за межы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, дзе адбываюць службу.
 
У студзені ў Брэсце чакаюць прыбыццё двух «альтэрнатыўшчыкаў» з Оршы, якія будуць працаваць у абласной бальніцы і жыллёвым рамонтна-эксплуатацыйным упраўленні.
 
Але што цікава: большасць навабранцаў праваслаўнай і каталіцкай веры, прымаючы прысягу, клянуцца на вернасць Радзіме, з непакрытымі галавамі прымаюць малебен і хрышчэнне святароў, жывуць ў казарме, харчуюцца аднолькава ў салдацкай сталовай. А тут хацелася б звярнуць увагу, што па рэлігійных меркаваннях прызыўнік не павінен прымаць прысягу і насіць зброю - і яго адпраўляюць на грамадзянскую працу ды яшчэ са штомесячным грашовым утрыманнем у памеры 150 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. Мала таго, ён мае права на бясплатнае жытло і на выезд за межы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, дзе адбывае службу.
Ці не гадуе дзяржава ў такім выпадку сацыяльных утрыманцаў, не маючых намеру бараніць Айчыну?
 
 
© 2019 "Берасцейская вясна"