Друк
29.12.2016 Грамадства
Уладзімір Вялічкін: У 2016 годзе сітуацыя з правамі чалавека не палепшылася
 
Парламенцкая кампанія, пікеты, штрафы за ўдзел у мерапрыемствах, суды з міліцыяй, дэкрэт “Аб дармаедах” у дзеянні, звальненні працоўных і сотні культурніцкіх імпрэзаў. Такім гэты год запомніўся для Берасцейшчыны. Старшыня берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Шыманскі падкрэсліў, што самай яскравай падзеяй у палітычнай сферы стала правядзенне электаральнай кампаніі:
 
– Безумоўна, найбольш яскравай падзеяй у палітычным жыцці Берасцейшчыны, як і ўсёй Беларусі, у гэтым годзе сталі парламенцкія выбары. Дэмакратычныя партыі, арганізацыі, актывітсы бралі актыўны ўдзел у іх, найперш, каб данесці да выбаршчыкаў ідэю перамен у краіне, якія даўным-даўно наспелі. На жаль, падлік галасоў і вынікі кампаніі адбыліся па адпрацаванай гадамі схеме.
 
Берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін звяртае ўвагу, што сітуацыя з правамі чалавека ў рэгіёне таксама не палепшылася:
 
– На вялікі жаль, значных пазітыўных зменаў у сферы правоў чалавека на Берасцейшчыне не адбылося. Але чарговы раз, я б нават сказаў у большай ступені, мы адчулі ўціск з боку ўладаў, уціск правоў грамадзян на масавыя мерапрыемствы. Асабліва пад канец года, калі мы сутыкнуліся з тым, што ўдзельнікі Свіслацкага фэсту панеслі пакаранне ў выглядзе штрафаў. У Берасцейскай вобласці шмат заявак падавалася, якія не былі задаволеныя. Мы бачым, што ў галіне права на мірныя сходы сітуацыя непалепшыла, а ў пэўнай ступені нават пагоршылася.
 
Прававы інспектар Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзімір Малей:
 
– У 2016 годзе Беларускі прафсаюз РЭП усе свае сілы накіраваў на тое, каб абараніць сваіх сяброў ад Дэкрэта №5 – так званага “Дэкрэта аб дармаедах”. І хачу адзначыць, што намаганнямі прафсаюза, праваабаронцаў і грамадскасці мы дамагліся таго, што дзеянне гэтага дэкрэта часова прыпынена.
 
Алена, прадстаўніца арганізацыі “Дзедзіч”:
 
– Мы займаемся папулярызацыяй беларускай мовы і культуры. 2016 год быў аб’яўлены годам культуры. У гэтым годзе працягнулася мода на беларускасць у розных яе праявах.
 
Прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх арганізацый і прафсаюзаў не маюць спадзяванняў на паляпшэнне сітуацыі ў сацыяльна-эканамічнай і прававой сферы ў Беларусі. Адзінай сферай, якая мае патэнцыял да развіцця ў 2017 годзе на Берасцейшчыне, – гэта культурніцкая.
 
http://www.racyja.com/hramadstva/uladzimir-vyalichkin-u-2016-godze-situatsyya/
 
© 2019 "Берасцейская вясна"