Друк
03.01.2017 Грамадства
Правы чалавека ў навуковым свеце павінны заключацца ў праве “прасоўваць” свае ідэі
 
Ён увайшоў у спіс з 2000 вядомых навукоўцаў свету як аўтар фундаментальнай канцэпцыі пульсавага гарэння, якую ведаюць у ЗША, Германіі, Галандыі і ў іншых краінах. На яго рахунку – больш за 200 вынаходніцтваў, свая навуковая школа і свая справа, якой ён служыць вось ужо 45 гадоў.
 
Гэта – доктар тэхнічных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта Віталь Сцяпанавіч Севяранін, з якім мы вядзем гутарку.
 
- Думаю, пагадзіцеся, што навука ёсць пошук новага, нязведанага, адкрыццё таго, чаго ты не ведаў да гэтага часу. Што Вы думаеце аб праве вучонага на рызыку?
 
- Нездарма ў навуцы выкарыстоўваецца такое паняцце як венчурны праект, то бок рызыкоўны праект, або праца наўздагад. Цяпер у тэхнічнай сферы, асабліва ў фундаментальнай навуцы, становіцца цяжэй займацца даследаваннямі і «прасоўваць» вынаходніцтвы.
 
Да прыкладу, для таго, каб правесці нейкае даследаванне, трэба спачатку даказаць і даць гарантыі чыноўнікам аб перспектыўнасці тваіх распрацовак. Калі ты не дасі гэтыя гарантыі, то павінен вярнуць назад выдзеленыя на гэтыя мэты грошы. Таму працы ў гэтым кірунку рэзка скараціліся і праводзяцца толькі такія з іх, якія павінны прынесці грошы, эканамічны эфект не заўтра, а сёння. Але гэта немагчыма. Хто ж такім чынам будзе займацца даследаваннямі?
 
Права навукоўца – чакаць эканамічны эфект ад сваіх распрацовак, пад якія ён просіць выдзяліць пэўную грашовую суму. Вядома, усе венчурныя працы павінны быць абгрунтаваныя, каб не парушаліся, да прыкладу, законы захавання энергіі, тэрмадынамікі. І другое - гэтыя работы павінны быць празрыстыя: калі ласка, прыходзь, глядзі, крытыкуй...
 
Калі ў «тэхнароў» праходзяць навуковыя справаздачы аб праведзенай працы, то яны больш паходзяць на бугалтарскія справаздачы. Замест таго, каб расказаць, што зроблена нейкае адкрыццё, выяўлена ці знайшла новае тлумачэнне з'ява, кажуць, што гэтая кафедра зарабіла столькі-то грошай, а вось тая зусім нічога.
 
- Скажыце, што для Вас азначае слова «вынаходніцтва»?
 
- Для мяне яно азначае абароненую дзяржавай новую прапанову, якая яшчэ не дзейнічае і не дае які-небудзь эканамічны эфект. Раней, у савецкі час, калі мы атрымлівалі аўтарскія пасведчанні на вынаходніцтвы, нам плацілі заахвочвальныя прэміі. Плюс ішлі грошы ад ўкаранення новаўвядзенняў у вытворчасць – у залежнасці ад атрыманага ад іх эканамічнага эфекту.
 
Зараз для таго, каб толькі падаць заяўку ў «Белджяржпатэнт», трэба заплаціць за даследны ўзор 200 даляраў, а за вынаходніцтва – ад 300 да 500 даляраў. Які ж вынаходнік, а тым больш студэнт здольны ўнесці такія грошы? Таму і складана сёння афармляць вынаходніцтвы.
 
Раней наш БрДТУ атрымліваў у год дзесяткі патэнтаў, а цяпер за апошні год атрымаў толькі два патэнта. Чаму? Таму што ў кіраўніцтва ўніверсітэта няма грошаў на падачу заявак на вынаходніцтвы. На маім рахунку – дзесяткі вынаходніцтваў, але, каб падаваць новыя заяўкі, зноў-такі няма грошаў. Правы чалавека ў нашым навуковым свеце павінны заключацца ў тым, каб мець права “прасоўваць” свае ідэі.
 
- Ведаю, што Вы спрабавалі “прасунуць” сваю ідэю двухузроўневых парковак у Брэсце. Што з гэтага атрымалася?
 
- Мы ўсе ведаем, што аўтастаянкі так запаланілі наш Брэст так, што ўжо немагчыма. Я прапанаваў просты выхад: над кожнай аўтастаянкай зрабіць другі ўзровень, што дазволіла б з найменшымі выдаткамі ўдвая павялічыць іх умяшчальнасць і ашчадзіць зямлю ў горадзе. Мне наўпрост сказалі: «Нашто ты прапануеш такі танны праект?» З'явілася гэткае моднае словазлучэнне: «камерцыйны інтарэс». Ці, напрыклад, я прапаную выкарыстоўваць сонечную энергію для атрымання холаду, але ніхто на гэта абгрунтаванае і распрацаванае мною вынаходніцтва не звяртае ўвагі.
 
Таму навукоўцы сёння амаль не валодаюць правам на пошук і рызыку, таму перспектыўная моладзь з'яжджае з роднай краіны. Я на сваіх лекцыях у тэхнічным універсітэце кажу: «Хлопцы і дзяўчаты, не з'яжджайце з Беларусі – тут працуйце і падымайце эканоміку!» Успомнім Ламаносава! Мы можам нараджаць уласных Платонаў і хуткіх розумам Нютонаў. А мне ўсміхаюцца ў адказ: «А што я за гэта буду мець?» У гэтай справе трэба тэрмінова мяняць падыход да падрыхтоўкі кадраў, якія мы губляем.
 
 
© 2019 "Берасцейская вясна"