Друк
07.01.2017 Грамадства
У Беларусі няма правасуддзя
 
Апошнім часам па Берасцейшчыне, як і па ўсёй Беларусі прайшла хваля пераследу грамадскіх актывістаў за удзел у так званых несанкцыянаваных мерапрыемствах.
 
Толькі на берасцейшчыне Алесь Мех, Яўген Скрабутан, Юры Казакевіч атрымалі велізарныя штрафы за ўшанаванне памяці паўстанцаў Каліноўскага, на Дзяды, традыцыйнае беларускае свята. Арт. 3 Закона “Аб масавых мерапрыемствах...” не распаўсюджваецца на святочныя дні, але гэта не замінае суддзям прымаць абвінаваўчыя пастановы.
 
Іншых караюць за ўдзел у агітацыйнай кампаніі падчас выбараў. Напрыклад, довады экс-даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Міколы Чарнавуса Рыгора Грыка, што ў ягоных дзеяннях небыло складу правапарушэння, бо пікет аб якім шла мова, праводзіўся ў рамках выбарчага заканадаўства, і ў выпадку парушэнняў з боку кандыдата павінна была рэагаваць акруговая выбарчая камісія адпаведна выбарчага заканадаўства, а Закон “Аб масавых мерапрыемствах...” тут не да рэчы, былі судом не ўзятыя пад увагу. У выніку экс-давераная асоба атрымаў штраф за парушэнне таго сама Закона “Аб масавых мерапрыемствах...”
 
Мінулы год адзначыўся яшчэ масавым крымінальным пераследам грамадзян, якія паспрабавалі абараніць свае правы ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Рэакцыя з боку “праваахоўнікаў” была больш, чым неадэкватная, білі дзяцей, жанчын, стралялі мужчын і саджалі “за непадпарадкаванне і супраціў работнікам міліцыі”. У судах довады міліцыянтаў выглядалі больш, чым сумнеўна.
 
Стаецца відавочным, што дзяржава робіць усё каб запалохаць грамадства і папярэдзіць праявы масавага незадавальнення насельніцтва ў склаўшайся эканамічнай сітуацыі ў Беларусі.
 
Міхаіл Пастухоў, доктар юрыдычных навук, прафесар, прысутнічаў на судзе над лідарам АГП Анатолем Лябедзькам, і ў сваім матэрыяле, які адмыслова падрыхтаваў для https://charter97.org/be/news/2017/1/6/236720/ , зрабіў наступныя высновы:
 
“Галоўная выснова - у нас няма правасуддзя. Ёсць суддзі ў чорных мантыях, ёсць залы судовых пасяджэнняў, ёсць нейкая працэдура, ёсць нейкія рашэнні. Але няма адпаведнага зместу, а менавіта: ўсебаковага, поўнага і аб'ектыўнага даследавання абставінаў справы, паважлівага стаўлення да тых, каго судзяць, непрадузятага і справядлівага рашэння ад імя ўлады.
 
У дадзеным канкрэтным выпадку на вачах публікі сведкі - работнікі міліцыі прадэманстравалі ілжэсведчанне. Суддзя гэта бачыў, разумеў і ўсяляк ім падыгрываў. Ён жа ўхіляўся ад ўстанаўлення ісціны па справе і, насуперак відавочным абставінам, вынес неправасудное рашэнне. Ствараецца ўражанне, што ў нашых судах дзейнічае арганізаваная злачынная група, якая займаецца фабрыкацыяй спраў і выбіваннем ў грамадзян грошай пад прыкрыццём судовых рашэнняў. Застаецца толькі высветліць арганізатараў і заказчыкаў гэтага злачыннага спрута і пачаць паўсюдна ўзбуджаць крымінальныя справы па фактах арганізаванай злачыннай дзейнасці. Можна пачынаць прама з сённяшніх спраў, дзе фальсіфікацыя відавочная.
 
У соты раз стала відавочна, што такія суды нам - грамадзянам краіны - не патрэбныя. Больш за тое, яны ўяўляюць пагрозу для грамадзян, якія выступаюць для іх разменнай манетай і статыстычнымі адзінкамі. Суддзі не валодаюць неабходнымі для іх якасцямі: незалежнасцю, непрадузятасцю, справядлівасцю.
 
Новыя суды могуць быць створаны толькі ў выніку судовай рэформы, якая зменіць дзеючую судовую сістэму і дазволіць абнавіць кадравы склад. Радыкальным сродкам для гэтага можа быць абранне суддзяў аўтарытэтным органам на пэўны тэрмін. Напрыклад, суддзяў вышэйшых судоў мог бы абіраць парламент, а суддзяў ніжэйстаячых судоў - мясцовы прадстаўнічы орган па рэкамендацыі органа судовага самакіравання. Праблема толькі ў тым, што пакуль у краіне няма дэмакратычнага легітымнага парламента і самастойных органаў мясцовага самакіравання. Іх трэба яшчэ сфарміраваць.
 
Тым самым, рэфармаванне судовай галіны ўлады цягне за сабой змяненне ўсёй сістэмы ўлады. Пачатак гэтага працэсу могуць пакласці канстытуцыйныя пераўтварэнні і дэмакратычныя выбары. Пасля гэтага дойдзе справа і да судоў, якія атрымаюць больш гарантый незалежнасці”.
 
У тым сама артыкуле доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў, звярнуўся да суайчыннікаў:
 
Мы - група грамадзян - выступаем за рэфармаванне ўсёй сістэмы праваахоўных органаў, судоў і турэмнай сістэмы на прынцыпах дэмакратычна-прававой дзяржавы і з улікам вопыту еўрапейскіх краін. Далучайцеся да нашай ініцыятывы! Будзем разам займацца добраўпарадкаваннем нашага састарэлага дзяржапарату”.
 
 
© 2019 "Берасцейская вясна"