Друк
14.01.2017 Грамадства
Прытулак для жывёл ёсць, а для бяздомных няма
 
Напрыканцы мінулага года ў Брэсце адкрыўся прытулак для бяздомных жывёл. У той сама час з надыходам халадоў людзі без пэўнага месца жыхарства аказаліся на мяжы выжывання.
 
На праваслаўныя Каляды, 7-8 студзеня, калі, па дадзеных «Брэстаблгідрамета», самая нізкая тэмпература ноччу дасягнула мінус 21 градуса, а днём мінус 19 градусаў, гарацкія ўлады не забыліся пра бяздомных. У Ленінскім раёне Брэста прайшли мерапрыемствы па выняцці з грамадскіх месцаў асоб без пэўнага месца жыхарства, то ёсць бамжоў.
 
Па словах намесніка начальніка аддзялення аховы грамадскага парадку і прафілактыкі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Андрэй Кажэнка, з тэрыторыі раёна для правядзення санітарнай апрацоўкі, праверкі наяўнасці інфекцыйных, венералагічных і іншых захворванняў было дастаўлена 8 асоб без пэўнага месца жыхарства.
 
Тым, хто гібеў у падвалах, пад'ездах, на гарышчах ці проста на гарадскіх вуліцах, аказвалася першая медыцынская дапамога, па жаданні яны маглі прайсці санітарную апрацоўку. Усім дастаўленым грамадзянам была прадастаўлена цёплая вопратка, гарачая гарбата і ежа. У ходзе гэтых мерапрыемстваў, якія можна акрэсліць як “аперацыя «бомж»”, у раёне былі задзейнічаны супрацоўнікі міліцыі, прадстаўнікі гарадской арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, медыкі і работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Брэста.
 
Асноўная мэта правядзення такіх мерапрыемстваў - гэта аказанне дапамогі людзям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы, ўстанаўленне прычын страты імі месца жыхарства, прычын брадяжнага ладу жыцця, а таксама правядзенне прафілактычнай працы па недапушчэнні правапарушэнняў. Але не ўсе бяздомныя былі рады такому клопату. Многія, убачыўшы людзей у міліцэйскай форме, уцякалі. Таму «ўлоў» быў небагатым, хоць паводле звестак міліцыі грамадскай бяспекі лічыцца, што ў раёне знаходзіцца як мінімум паўсотні бамжоў.
 
Успомнім, што 14-15 студзеня мінулага 2016 года ў абласным цэнтры праводзіліся аналагічныя мерапрыемствы па выняцці з грамадскіх месцаў асоб без пэўнага месца жыхарства. Тады толькі 14 студзеня з тэрыторыі Ленінскага раёна Брэста для правядзення санітарнай апрацоўкі, праверкі на прадмет наяўнасці інфекцыйных, венералагічных і іншых захворванняў было дастаўлена 13 асобаў без пэўнага месца жыхарства. А супрацоўнікамі АУС адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста было дастаўлена 7 грамадзян гэтай катэгорыі. Праваахоўнікі таксама аказалі дапамогу ў аднаўленні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
 
Заслугоўвае ўвагі меркаванне, што выскаазаў адзін з карыстальнікаў інтэрнэту, які прачытаў матэрыял аб бамжах у "Віртуальнай Брэсце": "Мне здаецца, што ва ўсіх буйных гарадах павінны быць пастаянныя прытулкі, дзе бяздомныя могуць атрымаць і бясплатную ежу, і неабходную першую медыцынскую дапамогу ў любы дзень, а не толькі калі іх «падбіраюць». Інакш мы не цывілізаваная дзяржава, а так, зборышча“.
 
 
© 2019 "Берасцейская вясна"