Друк
18.01.2017 Грамадства
Хатнія гаспадыні сталі дармаедкамі
 
Нагадаем, што больш за паўстагоддзя таму, у 1961 годзе, уступіў у сілу ўказ «Аб узмацненні барацьбы з асобамі, якія ўхіляюцца ад грамадска карыснай працы і якія вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця». Каб патрапіць пад дзеянне артыкула 209 Крымінальнага кодэкса РСФСР, дастаткова было ня працаваць больш за чатыры месяцы ў годзе. Адсутнасць адпаведных запісаў у працоўнай кніжцы служыла падставай для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
 
Пакараннем для дармаедаў стала высылка ў спецыяльна адведзеныя мясцовасці на тэрмін ад двух да пяці гадоў і абавязковае прыцягненьне да працы па месцы паселення. Выключэнне складалі толькі жанчыны, якія выхоўваюць малалетніх дзяцей.
 
У СССР асобам, абвінавачаным у дармаедстве, надавалася клеймо: “без пэўнага роду заняткаў”.
 
Самы вядомы ў савецкай гісторыі дармаед - паэт Іосіф Бродскі, стаў пазней лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. Пасля маштабнага цкаваньня ў газетах ён ледзь не памёр у камеры ад сардэчнага прыступу, а вясной 1964-го атрымаў максімальнае пакаранне па 209 артыкулу - пяць гадоў прымусовых работ на Поўначы. Як паведамлялася тады ў савецкім друку, «пастанова суда было сустрэта гарачымі апладысментамі людзей з сумленнымі працоўнымі рукамі». «Перавыхоўваўся Бродскі у саўгасе Архангельскай вобласці, дзе ён правёў крыху менш за паўтара гады, але пад ціскам сусветнай грамадскасці тэрмін паэту быў скарочаны.
 
Але нават у тыя часы нашы хатнія гаспадыні не лічыліся дармаедкамі. Гэта значыць лічылася, што жанчыны, якія выконваюць нялёгкую працу па хаце (ўборка, мыццё, прыгатаванне ежы, выхаванне дзяцей) і непрацуючыя не лічыліся «без пэўнага роду заняткаў». Зыходзілі з таго, што муж зарабляў дастаткова сродкаў, каб утрымліваць жонку і дзяцей.
 
Так гадамі жылі жонкі рабочых, афіцэраў і служачых, муж якіх атрымліваў заробак, якога хапала на ўтрыманне жонкі і дзяцей.
 
Зараз, калі дзейнічае дэкрэт прэзідэнта ад 2 красавіка 2015 года № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», а ўслед за ім 12 студзеня 2017 года падпiсаны Дэкрэт № 1, які ўнёс папраўкі ў Дэкрэт №3, непрацуючыя жанчыны не пенсіённага ўзросту фактычна патрапілі ў разрад дармаедак. Яны абавязаны заплаціць за 2015 год збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў у суме 360 рублёў, або 3 мільёны 600 тысяч па-старому. Яны атрымалі так званыя «лісты шчасця», або паведамленні аб выплаце збору, і абавязаныя ўнесці грошы да 20 лютага гэтага года - інакш будзе налічвацца пеня.
 
Заўважым, што пры гэтым падаткавікоў не цікавіць, ці дастаткова ў мужа сродкаў, каб утрымліваць жонку і дзяцей. Ніхто не патрабуе ў мужа дэкларацыі аб даходах!
 
Але ж клопатаў у такіх жанчын не зменшылася - тыя ж мыццё, прасаванне, ўборка, прыгатаванне ежы, выхаванне дзяцей. Ўзвалі гэта ўсё на плечы мужчыны - і ён завые і ўцячэ ў Гімалаі. Дык чаму хатнія гаспадыні павінны плаціць збор за дармаедства?
 
Атрымліваецца, што Дэкрэт №3 юрыдычна замацоўвае прымусовую працу, што пярэчыць Канстытуцыі і міжнароднаму праву і павінен быць адменены.
 
 
© 2019 "Берасцейская вясна"