Друк
02.08.2017 Грамадства
“Дзедзіч” запусціў мабільны дадатак для валанцёраў
 
Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” запусціла мабільны дадатак “Будзь валанцёрам” для ўсіх, хто хоча браць актыўны ўдзел у жыцці Брэста.
 
Спампаваўшы дадатак, карыстальнікі змогуць аператыўна даведвацца аб усіх актыўнасцях грамадскіх арганізацый у іх горадзе, далучацца да іх, дапамагаць у правядзенні і нават запрашаць на свае ўласныя мерапрыемствы.
 
“Ідэя стварыць інструмент, які бы звязаў актыўных і неабыякавых людзей з дзейснымі грамадскімі арганізацыямі, з’явілася яшчэ ў 2012-м годзе. У 2014-м мы прыйшлі да высновы, што трэба ствараць мабільную прыладу. І вось праз тры гады нарэшце гэта ідэя ўвасобілася ў дадатку “Будзь валанцёрам”, – распавёў “Берасцейскай Вясне” Дзмітрый Шыманскі, кіраўнік АРР “Дзедзіч”.
 
Дадатак “Будзь валанцёрам” уключае ў сябе не толькі стужку анонсаў публічных мерапрыемстваў у Брэсце. Ён дазваляе карыстальніку актыўна паўплываць на жыццё горада.
 
“Ёй ужо карыстаюцца больш за 20 грамадскіх арганізацыяў Брэста. Яны могуць размяшчаць ў гэтым мабільным дадатку заданні для валанцёраў, – дадае Шыманскі. – Карыстальнікі атрымліваюць апавяшчэнні, што з’явіліся новыя заданні, і выбіраюць тое з іх, якое больш даспадобы. Ёсць магчымасць фільтраваць заданні па накірунках дзейнасці: праваабарончая, дабрачынная, культурная, экалагічная і гэтак далей. ”
 
Якія менавіта арганізацыі змогуць шукаць валанцёраў для сваёй дзейнасці? Ці зможа гэта рабіць, напрыклад, БРСМ?
 
“Наша мабільная прылада накіравана на дзейнасць недзяржаўных грамадскіх арганізацый. Усё ж такі мы не можам назваць БРСМ недзяржаўнай грамадскай арганізацыяй, бо яна наўпрост без конкурсу фінансуецца з бюджэтных сродкаў. Калі б па іх (сродкі) маглі на ўмовах конкурсу звяртацца любыя арганізацыі як дзяржаўныя (кшталту, БРСМ), так і недзяржаўныя, то гэта былі бы роўныя ўмовы для ўсіх грамадскіх арганізацыяў. Пакуль такіх роўных умоваў не існуе, то мы не можам разглядаць БРСМ як незалежную грамадскую арганізацыю”.
 
З дапамогай дадатку можна ставіць адзнакі як арганізацыям, у мерапрыемствах якіх ты паўдзельнічаў, так і іншым валанцёрам. Кожны карыстальнік аплікацыі мае свой рэйтынг у залежнасці ад колькасці часу, затрачанага на валанцёрства, і ад адзнак іншых валанцёраў. У канцы года “Дзедзіч” будзе узнагароджваць каштоўнымі прызамі самых актыўных. Калі карыстальнік дадатку прыме ўдзел у 10 мерапрыемствах у якасці валанцёра, яму адкрыюцца новыя функцыі: ён зможа ўжо самастойна прапаноўваць заданні для валанцёраў. Тым самым дадатак будзе спрыяць стварэнню новых валанцёрскіх ініцыятыў у Брэсце.
 
Аплікацыя “Будзь валанцёрам” працуе на аперацыйнай сістэме Android версіі 4,2 і вышэй. Функцыянал цалкам бясплатны.
 
У наступным годзе праца мабільнага дадатку будзе пашырана і на іншыя гарады Беларусі. Увесь неабходны функцыянал для гэтага ўжо падрыхтаваны, засталося толькі знайсці арганізацыі, якія будуць мадэратарамі дадатку ў кожным з рэгіёнаў.
 
Пампуйце “Будзь валанцёрам” бясплатна ў Play Маркеце па спасылцы https://play.google.com/store/apps/details?id=org.dzedzich.volunteers
 
 
© 2019 "Берасцейская вясна"