Друк
16.09.2017 Грамадства
Кампанія «За наш горад» - за бяспечнае асяроддзе
 
Жыхары мікрараёна Паўднёвы г. Брэста выказваюць асцярогу за жыццё і здароўе дзяцей. Адпаведны зварот у межах кампаніі «За наш горад» накіраваны ў Адміністрацыю Маскоўскага раёна Брэста.
 
На тэрыторыі ўстановы адукацыі "Вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад - пачатковая школа №10" знаходзяцца сухія дрэвы (хвоі і бярозы), якія прадстаўляюць патэнцыйную небяспеку. Такая сітуацыя ўзнікла пасля добраўпарадкавання дадзенай тэрыторыі. Відавочна, што каранёвыя сістэмы дрэў пры правядзенні будаўнічых работ былі пашкоджаныя.
 
«Мы просім знайсці рацыянальны падыход у бліжэйшай будучыні, пры якім будуць узводзіцца сацыяльныя (школы, садкі, паліклінікі) і жылыя аб'екты, а побач захавана прырода. Узрост соснаў парадку 100 гадоў. Іх страта з'яўляецца незаменнай стратай для прыроднага асяроддзя» - каментуе сітуацыю кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі .
 
Паводле яго словаў, сухія дрэвы размешчаны на адкрытым месцы і ў любы момант вецер можа стаць прычынай падзення галін ці ўсяго дрэва.
 
«Мы просім прыняць неадкладныя меры па ліквідацыі небяспекі, якая пагражае жыццю і здароўю дзяцей і дарослых. Сухія дрэвы неабходна выдаліць» - дадае Маслоўскі.
 
 
© 2019 "Берасцейская вясна"