Друк
28.09.2017 Грамадства
Як на безгаспадарных праездах дамагчыся капітальнага рамонту?
 
Для вырашэння праблемы пачаты збор подпісаў за ўключэнне ў планы па добраўпарадкаванні тэрыторыі брэсцкага мікрараёна "Усход".
 
У сваім звароце кіраўнік гарадской арганізацыі БСДП Ганна Канюс указвае, што на значнай часткі дваровых праездаў па вул. Арлоўская і вул. Гаўрылава ў раёне СШ № 28 і СШ № 29 назіраецца пашкоджанне дарожнага пакрыцця ў выглядзе ям, калдобін, няроўнасцяў. Штодня сотні людзей і машын пераадольваюць гэтыя ўчасткі запатрабаваных дарог. Яны злучаюць жылыя дамы, установы адукацыі і выхавання з гарадской інфраструктурай.
 
«На большай частцы тэрыторыі мікрараёна “Усход” дваровыя праезды стаялі на ўліку ў гарвыканкаме як «безгаспадарныя». Няма гаспадара - няма добраўпарадкавання. «Ямачны» рамонт асфальтавай сумессю, якая засталася ад добраўпарадкавання вулічных пакрыццяў толькі пагаршае сітуацыю. На названых у звароце дарогах тратуарнае пакрыццё ўяўляе небяспеку для пешаходаў: з'яўляюцца няроўнасці, броўкі руйнуюцца ці закочваюцца ў асфальт. Такі стан пакрыцця ўяўляе відавочную небяспеку для дарожнага руху і жыхароў дамоў. - каментуе сітуацыю лідэр брэсцкіх сацыял-дэмакратаў, кіраўнік арганізацыі «Роўнасць і справядлівасць» Ганна Канюс.
 
«Мы звяртаемся ў ДАІ Брэсцкай вобласці з патрабаваннем выдаць прадпісанне аб прыняцці мер па ліквідацыі названых прычын і ўмоў. Для павышэння якасці жыцця гараджан просім Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт ўключыць у планы па добраўпарадкаванні ў адпаведнасці з сучаснымі стандартамі і патрабаваннямі ў Рэспубліцы Беларусь на 2018 год вышэйпаказаную тэрыторыю »- дадае Ганна Канюс.
 
Па словах Канюс, большасць мясцовых праблем з'яўляюцца следствам адсутнасці сумленных і справядлівых выбараў у краіне: дэпутаты мясцовых саветаў робяць справаздачу не перад сваімі выбаршчыкамі, а перад вышэйшым начальствам.
 
 
© 2019 "Берасцейская вясна"