Друк
17.08.2018 Грамадства
Ці ёсць "негалоснае" распараджэнне звальняць лекараў, якiя маюць дачыненне да пратэстаў?
 
16 жніўня апеляцыйная інстанцыя Брэсцкага абласнога суда разгледзела скаргу лекара Таццяны Фесікавай на пастанову суда Маскоўскага раёна.
 
Нагадаем, што лекар-неўролаг УЗ "Брэсцкая гарадская цэнтральная бальніца" Таццяна Фесiкава была звольненая 4 мая 2018 года - адразу ж пасля выступу на мітынгу "брэстчанкi супраць свінцу" (мітынг адбыўся 29 красавіка 2018 г. у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў).
 
У сваім выступу яна падвергла жорсткай крытыцы дзеянні старшынь брэсцкіх выканкамаў Анатоля Ліса, Аляксандра Рагачука і Уладзіміра Сянчука, якія ўсяляк садзейнiчаюць будаўніцтву акумулятарнага завода пад Брэстам і не звяртаюць ніякай увагі на пратэсты берасцейцаў, ігнаруюць iх занепакоеннасць лёсам здароў’я насельніцтва ў сувязі з будовай небяспечнай вытворчасцi.
 
Суд першай інстанцыі ў асобе суддзі Таццяны Ласковіч 25 чэрвеня 2018 г. не прызнаў звальненне -врача неўролага Таццяны Фесiкавай незаконным і не задаволіў яе іскавыя патрабаванні - аднавіць на працы і аплаціць вымушаны нявыхад на працу.
 
У абласным судзе скаргу Таццяны разглядала судовая калегія ў складзе старшынi Хацько Алены Пятроўны, Васілюка Андрэя Анатольевіча і Міранюк Таццяны Міхайлаўны ў прысутнасці пракурора Брэсцкай вобласці таварыша Грабовiч.
 
Ні суддзі, ні пракурор не ўбачылі дастатковых падстаў для адмены пастановы суда першай інстанцыi і задавальненнi скаргі Таццяны Фесікавай i пакінулi яе ў сіле.
 
Паўзуць чуткі, што ёсць "негалоснае" распараджэнне начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканка звальняць лекараў, якiя маюць дачыненне да пратэстаў супраць акумулятарнага завода.
 
Таццяна Фесiкава збіраецца абскардзіць рашэнне апеляцыйнай інстацыi.
 
Сяргей Пятрухiн,
Народны Рэпарцёр
 
© 2022 "Берасцейская вясна"