Друк
11.09.2018 Грамадства
40 базавых за інтэрвью
 
10 верасня 2018 года ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы разглядалася адміністратыўная справа па ч.2 арт. 22.9 КоАП РБ у адносінах да Тамары Шчапёткінай, жыхаркі горада Бярозы. Яна абвінавачвалася ў тым, што два месяцы таму яна брала інтэрвью ў дырэктара Цешаўлянскай сярэдняй школы, краязнаўцы, а таксама ў загадчыка музея ў Завоссі і размясціла гэтую інфармацыю на сайце радыё “Рацыя”.
 
На суд з’явілася сп. Шчапёткіна і толькі адзін са сведкаў, таму пачатак суда быў на няпэўны час перанесены суддзёй сп. Юліанай Шчэрбай. Шукалі складальніка пратаколаў і сведку – дырэктара музея ў Завоссі.
 
Як паведала суду сп. Тамара Шчапёткіна, ёй па тэлефону нейкі міліцыянт паведаміў, што на яе складаецца пратакол па адміністрацыйнай справе, але да яе ніхто не прыязжаў і не паказваў яго, а потым па пошце прыйшла яго копія, дзе было напісана, што яна як бы адмовілася яго падпісваць, што не адпавядае праўдзе. Але суддзя на паседжанні заявіла, што на сп. Тамару складзена два пратаколы, пра што сп. Шчапёткіна пачула толькі на судзе. Суддзя Шчэрба заявіла, што гэтыя дзве справы аб’ядноўвае ў адну. Такое магчыма толькі ў нашых судах. Суддзя прыняла рашэнне працягнуць суд. Быў заслуханы адзіны сведка - дырэктар Цешаўлянскай сярэдняй школы Васіль Дубейка, які распавёў, што ён сапраўды праводзіў экскурсію для сябраў ТБМ з Баранавіч і падчас экскурсіі многія яму задавалі пытанні, магчыма і сп. Шчапёткіна таксама, але ён ня бачыць у гэтым ніякага парушэння ні са свайго боку, ні з боку экскурсантаў.
 
Далей суд быў зноў перапынены на гадзіну і працягнуты толькі пасля таго, як “даставілі” на суд чарговага сведку- дырэктара музея ў Завоссі, які распавёў прыкладна тое ж, што і папярэдні сведка. Міліцыянты, якія складалі пратаколы на суд так і не з’явіліся.
 
Сп. Шчапёткіна запытала, дык за што яе судзяць - яна не журналіст (суду была прадстаўлена копія працоўнай кніжкі), суду нікім не прадстаўлена яе датычнасць да размяшчэння інфармацыі на сайце радыё “Рацыя”? Адказу суддзі ніхто не пачуў, але тут жа было абвешчана, што сп. Тамара Шчапёткіна вінавата і ёй прысуджаецца па ч.2 арт. 22.9 КоАП штраф у суме 40 базавых велічын.
 
Вось такое наша “правасуддзе”.
 
Падтрымаць сп. Тамару на суд прыйшлі сябры ТБМ, праваабаронцы і г.д.
 
Сяргей Гоўша
 
© 2022 "Берасцейская вясна"