Друк
16.10.2018 Грамадства
У Берасці на Дзень Маці 12 чалавек пакінулі начаваць у ІЧУ
 
Сонечны дзень 14 кастрычніка 2018 гады адзначыўся не толькі добрым надвор'ем, але і шматлікімі затрыманнямі актывістаў, якія ўдзельнічалі ў мірным сходзе супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад горадам Брэстам.
 
Першае затрыманне адбылося прыкладна за дзве гадзіны да пачатку мітынгу. Машына актывіста Бекалюка Дзмітрыя была спынена на пад'ездзе да горада інспектарамі патрульна-паставой службы. У далейшым, пасля зносін з кімсьці па тэлефоне, прыбыў АМАП, і Дзмітрый з малым сынам, які з ім разам, быў суправоджаны ў Ленінскі РАУС. Праз тры гадзіны з невялікім, адпушчаны, з пратаколам аб выплаце 3 базавых велічынь за парушэнне ПДР. Увесь гэты час яго маленькі сын таксама знаходзіўся ў РАУС.
 
Сам працэс кармлення галубоў на плошчы, які ўвайшоў для берасцейцаў ужо ў традыцыю, у гэты раз прайшоў ярчэй, чым звычайна. Была расцяжка "Не заводу АКБ" і некалькі выступоўцаў: блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў, Дзям'ян Лепясевіч, Уладзімір Казлоўскі і, у гэты раз да сабраўшыхся прыехаў падтрымаць апазіцыйны палітык - Мікалай Статкевіч. Выступы падтрымліваліся апладысментамі прысутных. Прысутных на мітынгу было каля 130.
 
Таксама, на плошчы было шмат і міліцыянтаў, якія не адрывалі ад вуха тэлефонаў і іншых спецсродкаў для перадачы інфармацыі аб тым, што адбываецца і, магчыма, атрымання сігналаў для пачатку здзяйснення дзеянняў па затрыманню. Так яно і адбылося, адразу пасля мітынгу, калі людзі пачалі разыходзіцца.
 
Яркасці падзеям дадало крэатыўнае рашэнне людзей, якія пакідалі плошчу, праводзіць блогераў ў аўтазак, таму як іх затрыманне было чаканым: напярэдадні яны распачалі смелы крок, размясцілі відэаролік, які змяшчаў заклік, на канале "Народны рэпарцёр". За кампанію прыхапілі, натуральна, і Мікалая Статкевіча.
 
Затрымлівалі актывістаў у розных месцах. Адных затрымлівалі каля плошчы, некага на бліжэйшых вуліцах, былі і такія, каго забіралі і давозілі з хатаў, некаторых - на прыпынку грамадскага транспарту па дарозе ў Ленінскі РАУС, куды многія накіраваліся, каб даведацца пра лёс затрыманых. Не пасаромеліся службоўцы праваахоўных органаў выдраць яшчэ парачку проста з-пад муроў РАУС, дзе сабраліся людзі падтрымаць затрыманых праціўнікаў будаўніцтва завода. Сярод іх апынуліся трое непаўнагадовых і жанчына, Людміла Карчэўская.
 
Непаўнагадовых хлопцаў, пасля апытання, як сведак, выпусцілі, за некаторымі прыехалі бацькі.
 
Людзі, якія сабраліся каля РАУС вельмі перажывалі за Людмілу, так як у яе былі некаторыя праблемы са здароўем. Па трох гадзінах, яе выпусцілі з пратаколам на руках. За блакаванне спецтранспарту 7 кастрычніка, калі везлі ў РАУС дваіх актывістак, яна атрымала штраф - адну базавую велічыню. Прычым, як растлумачылі, гэта павінна было быць тры базавых, але, у гонар свята Дня маці, знізілі да адной. Да няшчасця, яна, разам з усімі, засталася чакаць выхаду астатніх. А дарма .... Праз некаторы час яе "запрасілі" яшчэ раз. Каля 20 гадзін вечара яна выйшла яшчэ і з позвай у суд за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
 
На гэтым вызваленне затрыманых скончылася.
 
Каля 12 чалавек засталіся начаваць у ІЧУ Ленінскага РАУС. У панядзелак, 15 кастрычніка, іх будуць судзіць у судзе Ленінскага раёна горада Брэста.
 
Вось так, не зусім сонечна, скончыўся гэты дзень ...
Ліда Багамова
 
 
© 2022 "Берасцейская вясна"