Друк
24.02.2018 Грамадства
74 гады Беларускай краёвай абароне
 
Цікавыя супадзенні. Што мы насамрэч святкуем? Перамогу РСЧВ пад Пітербургам у 1918 годзе? Дык якое дачыненне мае Расея да Беларусі? Мо тое, што 23 лютага тагож 18-га Саўнаркаму быў прад'яўлены германскі ультыматум, які быў прыняты ў ноч на 24 лютага?
 
Таму з нагоды даты 23 лютага варта нагадаць чытачам цікавыя звесткі пра “юбілей”, напрыклад аб тым, што 23 лютага спаўняецца - 74 гады Беларускай краёвай абароны.
 
Беларуская краёвая абарона— вайсковае фарміраванне, створанае ў генеральнай акрузе «Беларусь» у 1944. БКА была ўтворана паводле загадаў генеральнага камісара Беларусі К. фон Готберга і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р. Астроўскага ў лютым-сакавіку 1944. Узначальвала БКА Галоўнае камандаванне на чале з маёрам Ф. Кушалем. Аснову фарміравання складала мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908-24 г.н. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс. чал., з якіх планавалася стварыць 48 батальёнаў па 450-500 чал. Да сярэдзіны красавіка 1944 было створана 39 пяхотных і 6 сапёрна-будаўнічых батальёнаў.
 
Галоўнай задачай БКА з'яўлялася барацьба супраць савецкіх партызан, якая праводзілася ў згодзе з паліцэйскімі ўладамі на месцах. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складаў, іншых гаспадарчых мэт. Пад уплывам агітацыі партызанаў і падпольшчыкаў, поспехаў Чырвонай Арміі частка вайскоўцаў БКА перайшла са зброяй да партызанаў. У той жа час частка насельніцтва з раёнаў, якія знаходзіліся пад кантролем партызанаў, дабраахвотна ішла служыць у БКА.
 
Пасля 27 чэрвеня 1944 нямецкі персанал, адказны за сувязь пры БКА, пакінуў Мінск, і рашэнне пра лёс асобных атрадаў БКА паклалася на камандзіраў гэтых атрадаў. Яны паставілі жаўнераў БКА перад выбарам: адступіць разам з немцамі ці застацца дома. Напрыклад, толькі 20 з 700 салдат баранавіцкага атрада БКА вырашылі ісці з немцамі на захад.
 
Пасля таго, як тэрыторыю Беларусі занялі савецкія войскі, кіраўніцтва БКА перабралася ў Германію, дзе працягвала сваю дзейнасць. Паводле звестак камандзіра БКА Ф. Кушаля, ва Усходняй Прусіі і Польшчы было каля 10 тысяч жаўнераў БКА.
 
5 кастрычніка 1944 распараджэннем Р. Астроўскага вайсковы аддзел БЦР быў рэарганізаваны ў Галоўнае кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР (Weissruthenische Zentralrad—Hauptmilitärverwaltung) на чале з К. Езавітавым, які меў ад'ютанта (лейтэнант Яўген Ніканюк). Камандаванне БКА, якое працягвала намінальна дзейнічаць, падпарадкоўвалася Галоўнаму кіраўніцтву вайсковых спраў БЦР.
 
15 кастрычніка 1944 прэзідэнт БЦР выдаў загад № 3 аб сфарміраванні ў Берліне 1-га кадравага батальёна БКА. Агульнае камандаванне батальёнам ажыццяўляў Ф. Кушаль як кіраўнік БКА, аднак непасрэдна адказным быў часова выконваючы абавязкі камандзіра П. Касацкі.
 
На пачатку 1945 утворана 1-я беларуская грэнадзёрская брыгада «Беларусь» (пазней — 30-я грэнадзёрская дывізія СС «Беларусь №1»), якая ў канцы вайны перайшла на бок амерыканцаў . Пасля вайны значная частка жаўнераў і афіцэраў БКА апынулася ў эміграцыі.
 
 
© 2020 "Берасцейская вясна"