Друк
23.01.2019 Грамадства
Улады адмовілі ў правядзенні рэферэндуму супраць завода АКБ
 
Берасцейскі райвыканкам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.
 
На рэферэндум прапаноўвалася вынесці пытанне аб забароне любой дзейнасці, звязанай з будаўніцтвам і эксплуатацыяй завода па вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй, на тэрыторыі раёна.
 
Паводле слоў Кісляка, адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы райвыканкам матываваў тым, што пытанне не можа быць вынесена на мясцовы рэферэндум: завод мае значэнне для Беларусі ў цэлым, забарона дзейнасці гэтага прадпрыемства не ўваходзіць у кампетэнцыю мясцовых органаў улады.
 
У адказе падкрэсліваецца, што будаўніцтва акумулятарнага завода „мае важнае і вызначальнае значэнне для інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, гэта значыць дзяржавы ў цэлым, а не асобнага раёна, і ўключана ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады, зацверджаную ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 студзеня 2017 г. № 31”.
 
„Улады робяць усё, каб абараніць гэта прадпрыемства, і забыліся пра тое, што людзі маюць права прымаць удзел у вырашэнні важных для іх пытанняў. Таму ініцыятыўная група мае намер звярнуцца са скаргай у суд”, — заявіў Кісляк.
 
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.
 
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 44 мітынгаў, 12 пікетаў і пяці дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брэстчаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.
 
Праціўнікі прадпрыемствы збіраюцца з 25 лютага кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.
 
https://www.racyja.com/hramadstva/ulady-admovili-u-pravyadzenni-referen/?fbclid=IwAR0lgdD2KXaO-ALcC-tzUy-X_aLyt5Dc_1J7g8CwdhAYOoe_Vw8PhAa5U24
 
© 2020 "Берасцейская вясна"