Друк
22.02.2019
Тварам у мур - рукі на сцяну!
 
Ня меньш за тры разы на суткі вязні чуюць гэтыя словы з вуснаў персаналу ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ), што месціцца ў Паўночным гарадку г. Берасця.
 

Спачатку цябе затрымліваюць, кажуць за што. Знаёмяць з правамі і матэрыяламі справы, складаюць пратакол, адводзяць да дэжурнага РАЎС і той скіроўвае ў ізалятар...” - распавядае аб абставінах адвольнага затрымання праваабаронца Ўладзімір Вялічкін.

Паводле ягоных словаў, у ізалятары затрыманых заводзяць ў адмысловы пакойчык, першы злева ў закратаваным калідоры.

У гэтым пакойчыку распранаюць, абшукваюць, вымаюць рэчы з кішэняў, папругу, шнуркі, вопратку і боты з металічнымі элементамі... Дробязь складваецца ў адмысловую скрынку. Буйныя рэчы, боты, напрыклад, у адмысловую шафу. Замест забраных ботаў выдаюцца агідныя капці, мабыць “артапедычныя”. Дзяжурны вельмі пераконліва даводзіў, што ніякія грыбковыя захворванні не перадаюцца, бо капці прапарваюцца. Праваабаронца ўважліва выслухаў, але веры не даў. Бо праз род занятку даўно знаёмы з турэмным прынцыпам “Ня вер, не бойся, не прасі!”.

Там жа можна азнаёміцца, прачытаць, з правіламі паводзінаў у ІЧУ, нават з парадкам, як звярнуцца па палітычны прытулак.

Вынятыя рэчы фіксююцца ў пратаколе выняцця, які вязень падпісвае па азнаямленні.

Пікантны момант - трусы да кален, рукі перад сабой, сеў тры разы. Нічога не выпала - апранайся.

Выдаецца “артапедычны”цюфяк, набіты камкаванай ватай.

Калі вязень кладзецца на яго адразу разумее, прынц ён ці не. Прынцам і прынцэсам цюфяк спаць не дасць, надта муляе. Выдаецца падушка і бялізна, праўда пакуль мяне не “ўпакавалі”, бялізны вязням не выдавалі”, - смяецца праваабаронца і працягвае аповяд.

З цюфяком вязень суправоджваецца да камары, дзе яму трэба ставіцца тварам да сцяны побач з дзвярыма. Чуецца бразгат ключоў, запораў і металічных дзвярэй. “Заходзім!”, - гучыць загад.

Брязнула, клацнула, і ты ў камары № 6, у пакоі памерам прыблізна 3Х5м. 6 шконак, злева 4 і справа 2 ў два паверхі. Столі нізкія, мабыць 2.20. Вакно пад столлю не толькі закратаванае, але і заслоненае плястыкавай шыбай з дзіркамі. Над дзвярыма светадыёдная лямпа, што гарыць і ў дзень і ў начы. Натужна гудзе вентыляцыя. Пасярэдзіне пад вакном стол, з надрапанай настольнай гульнёй у “мандавошку”. Кубікі з хлеба... Ніжнія шконкі ўжо занятыя.

Адзін з “джэнтэльмэнаў” ціха пахропвае, другі, дабра вытутаваны, пакутвае ад галаўнога болю, апошняе, што памятае да таго як “упакавалі” - набыў скрыню гарэлкі... Трэці - адзначыў водпуск, ішоў, хістаўся, патруль “замёў”, у выніку застаўся без працы.

Заняў шконку на другім паверсе. Паклаўся, углядаюся ў зоркі на столях. Раптам чытаю: “НЕ ЗАВОДУ АКБ” - прыемна, прям “малява” з волі...

Абудзіўся першы джэнтэльмэн: “Добрая ў нас міліцыя, слава па-за межы краіны ідзе. Вось учора аперацыя “БОМЖ” праводзілася. Сабралі нас па ўсім Берасці, інагародніх, ўсіх... Прывезлі ў лазню, адмылі-адпарылі. Забралі брудную вопратку. “Благадаць” апранула ва ўсё свежае”.

Дэманструе амаль новыя добравыпраныя джынсы і белыя шкарпеткі, скураную куртку...: “Я такі кавалер, дзеўкі да мяне. Я па гарэлку, пуль-пуль, закусіў. Захацеў сваёй пасіі кветкі падарыць. Жывых кветак паблізу не было. Папяровыя з вазы выхапіў. Праўда грошы, 2 рублі ў аплату, пакінуў. І да яе. А яна, іх мне ў твар: “Папяровыя, ды яшчэ цотная колькасьць...” Уласнік выклікаў міліцыю і вось я тут... А табе чаму забралі?

Каб галубоў не карміў”, - адказваю.

Брязнула “кармушка”. Вячэра. У акенца падалі алюміневыя талеркі з лыжкамі, на дне хлебная катлета, камяк аўсянай кашы, зверху луста жытняга хлеба... Еш, каб жыць.

Пасля вячэры - праверка. З камары ўсіх выводзяць на калідор. Ставяць тварам да сцяны, рукі на сцяну і абшукваюць, рукамі і металашукальнікам. Ножку падняў, тапак паказаў - праверылі, другую тое сама. Пакуль мацаюць, “шманяць” камару.

Усе назад!” - чуеш кароткі загад.

У глазок над “кармушкай” час ад часу нехта з персаналу зіркае...

Калі шманаюць жанчын чуваць жарты і жаночае пахіхікванне, гранічнае з фліртам...

На наступны дзень пятую шконку заняў прыстойнага віда селянін. Яго жонка здала.

Ты ж цвяроы?” - пытаемся.

Я з выцвярэзніку”, - кажа: “Ужо 63 рублі за паслугі выставілі

Суд яшчэ дабавіць і за паслугі ІЧУ па поўбазавай за суткі далічаць”, - суцяшаем сукамерніка.

Пагаманілі за жыццё. Свет маленькі, ва ўсіх калі не сваякі дык знаёмыя агульныя выявілісь.

Смаліць ў камары не было магчымасці. Цыгарэты былі, запалкі і запальнічкі адабралі.

З аднаго боку гэта было добра, а з другога... Унітаз з умывальнікам знаходзілісь справа пры дзвярах, адгарожаныя ад рэшты камары мурком 1,2м Х на 1,2м. То бок тарахцець, пыжыцца і званіць вязні мусяць публічна... Адзіны дэзадарант - гэта цыгарэта, або паленая газета, але яе таксама не было...

На прагулку адводзілася па 2 гадзіны, там можна было пасмаліць. Выходзілі па адным праз прыадкрытую дзвер, ставіліся тварам да сцяны, направа па калідору, па сходах налева і ў даўно забыты “калодзеж”, “пакой 18м/кв без даху над галавой, але з кратамі з арматуры”. Дваром гэта называць цяжка.

Кантакт персаналу з вязнямі практычна адсутнічае. Падчас праверак вязні могуць заявіць аб сваіх патрэбах і просьбах. Для падтрымання парадку персанал мае спецсродкі...

У апошні вечар была занятая апошняя шконка.

“Кветкі дарыў, галубоў карміў, мо хістаўся?..” - пытаем.

Не, састарэлая бабуля, якой апякуюся міліцыю выклікала. Яна не заўсёды ўсіх пазнае. Ёй 94 гады. Пакуль я тут, яна хату, калі не заль’е, не спаліць, дык высадзіць! У нас газавая калонка! Прыехаў міліцыянт Смаль, пагутарыў паціху з бабуляй, і склаў на мяне пратакол па арт. 9.1 Як так можна! Гэта што? Любы цябе агаворыць і капец! Ні сведкаў, ні паратунку”, - поўночы абураўся апекун. Але заснуў і ён у рэшце рэшт. Выгаварыўся - стала лягчэй...

Раніцай усіх павезлі ў суд. У шостую камару перавялі хлопца з суседняй камары. Ён прыехаў з Драгічына ў госці да сябра, калі вяртаўся, заснуў на лаўцы, атрымаў 15 сутак. Ужо адседзеў 5, шморгаў носам. Казаў. Што ў камары дзе ён сядзеў дагэтуль было холадна. Пакуль былі разам, яму паспелі выдаліць 2 зуба. Не хвалюйцеся - у стаматалогіі... Дзякуючы стаматолагу мне дасталося 2 талеркі баршчу. Адзінае, што не выклікала агіды з харчавання.

На “выпіску” працэдура з трусамі паўтарылась…

 
© 2019 "Берасцейская вясна"